Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

задаві́ць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і задушыць. — А! — махнуў рукою Нічыпар, — ёсць прыказка: «Ці памёр Гаўрыла, ці яго скула задавіла». Колас.

задаво́ленасць, ‑і, ж.

Тое, што і задавальненне (у 2 знач.). [У Івана] з’явілася ціхая задаволенасць ад таго, што перад грознаю невядомасцю гор ён не адзін, што побач усё ж чалавек. Быкаў.

задаво́ленне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. задаволіць.

2. Тое, што і задавальненне (у 2 знач.); задаволенасць. [Рыгор] адчуў поўнае задаваленне паваротам спраў. Гартны.

задаво́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад задаволіць.

2. у знач. прым. Поўны пачуцця задавальнення, задаволенасці. Вязальшчыцы з Вольчынага звяна, задаволеныя і вясёлыя, пайшлі за жняяркай. Мележ. // Які выражае задавальненне (у 2 знач.). Іван Мацвеевіч усміхнуўся задаволенай усмешкай. Бядуля.

задаво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак., чым.

Палічыць што‑н. для сябе прыдатным, адпаведныя, дастатковым; адчуць задавальненне ад чаго‑н. Не задаволіліся карнікі адным наездам, дні праз два наведаліся яшчэ раз. Лобан. Спазнаўшы вялікае, ці маглі мы задаволіцца малым? Сачанка.

задаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; заг. задаволь; зак., каго-што.

1. Выканаць, ажыццявіць чыё‑н. патрабаванне, жаданне і пад. Задаволіць попыт спажыўцоў. □ Нікіфаровіч ахвотна задаволіў .. просьбу [Шавейкі]. Броўка. // Заспакоіць, наталіць. Хлопцы ж, сярод іх і Барыс, мелі добры апетыт, але не заўсёды мелі чым яго задаволіць. Лось. Я застаюся адна. І ніяк не магу задаволіць сваю прафесійную цікавасць: з кім я еду, хто мой сусед... Васілевіч.

2. Даць, прынесці каму‑н. задавальненне чым‑н. Адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку. Колас.

задаво́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да задаволіцца.

2. Зал. да задавольваць.

задаво́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да задаволіць.

зада́дзенасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зададзенага (у 2 знач.). Схематычнасць вобраза Ватуліна выяўляецца ў зададзенасць яго характару. Шкраба.

зада́дзены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад задаць (у 1–3 знач.).

2. у знач. прым. Загадзя вызначаны, зараней устаноўлены. Самалёт лёг на зададзены курс.