Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загаво́рваць 1 і загава́рваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загаварыць ​1.

•••

Зубы загаворваць (загаварваць) — наўмысна адцягваць увагу ад чаго‑н. пабочнымі размовамі, ухіляцца ад прамога адказу.

загаво́рваць 2 і загава́рваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загаварыць ​2.

загагата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; зак.

Разм. Пачаць гагатаць.

зага́гаць, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць гагаць.

загагу́ліна, ‑ы, ж.

Разм. Складаны выгіб, загіб, кручок. — А ў нас тут [у школе] за кожную лішнюю загагуліну ў малюнку двойкі ставяць. Бажко.

зага́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Афіцыйнае распараджэнне органа ўлады, кіраўніка ўстановы, прадпрыемства, арганізацыі і пад. Загад па інстытуту. □ Ленін у шалашы. Хаваецца ад агентаў буржуазіі, ад Керанскага, які выдаў загад арыштаваць Ільіча. Бядуля. Лясніцкі.. спецыяльным загадам стварыў калектыў мастацкай самадзейнасці. Шамякін.

2. Вуснае або пісьмовае распараджэнне вайсковага начальніка, якое з’яўляецца законам для падначаленых. Як толькі павечарэла, Туравец даў загад адыходзіць. Мележ. Тым часам генерал Бялоў даў загад, каб частка людзей.. акружыла горад. Мікуліч. // Афіцыйны дакумент, у якім выкладзена якое‑н. распараджэнне. Загады розныя, паперы Яму ў лясніцтве даручалі, Калі з наказам пасылалі. Колас. Побач — фотаздымкі многіх партызан, малюнкі баявых эпізодаў, фотакопіі розных дакументаў: пасведчанняў, загадаў, лістовак. Шыловіч. // Наогул усякае распараджэнне. Валя ўмомант выканала загад: прыбрала з канапы падручнікі. Васілевіч. Пачуў загад маці: — Маўчы! Бядуля.

загадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

Разм. Адгадаваць, адпусціць (бараду, вусы і пад.).

зага́дана, безас. у знач. вык.

Аддадзен загад. Ідзі, куды загадана. □ — Загадана ўручыць вам ультыматум. Бачыла.

загада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму.

1. з інф. Аддаць загад. Прыйшоўшы ў роту, лейтэнант загадаў збірацца да выступлення. Мележ. // Распарадзіцца, наказаць. Чалавек загадаў брыгадзе зараз жа адчапіць паравоз і пускаць яго на бліжэйшы мосцік. Паслядовіч. Настаўніца загадала вывучыць на памяць верш. Шахавец.

2. Разм. Апавясціць (аб сходзе). Загадаць на сход.

загада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Прапанаваць загадку або пытанне для разгадка адказу. Загадаць загадку. Загадаць рэбус.

2. і без дап. Задумаўшы што‑н., імкнуцца знайсці адказ, угадаць вынік па картах, па якіх‑н. прыметах. [Бабка Параска] загадала: калі азірнецца [Лабановіч], дык з ім нічога благога не здарыцца ў дарозе, і ён шчасліва вернецца назад. Колас. // Разм. У думках спыніцца на чым‑н., выбраць што‑н. Загадаць лік.

зага́дванне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. загадваць ​1 (у 2 знач.). Загадванне бібліятэкай.

зага́дванне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. загадваць ​2 — загадаць ​2. Загадванне загадак.

зага́двацца, ‑аецца; безас. незак.

Патрабавацца зрабіць што‑н. Ураднік перадаў .. [Самуілу Плаўніку] павестку, у якой загадвалася з’явіцца да воінскага начальніка ў павятовы горад. С. Александровіч.