запая́цца, ‑яецца; зак.
Падвергнуцца запайванню. Каструля добра запаялася.
запая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Залапіць, паправіць паяннем; залітаваць. Запаяць кацёл меддзю.
за́пек, ‑у, м.
Абл. Запечак. Унучкі.. спалі на шырокім ложку ў запеку. Брыль.
запеленгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., каго-што.
Вызначыць месца знаходжання каго‑, чаго‑н. пры дапамозе пеленгатара. Запеленгаваць радыёстанцыю разведчыкаў.
запе́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запеніць.
2. у знач. прым. Пакрыты пенай ад доўгага бегу (пра каня). Запенены конь ледзь дыхае.
запе́ніцца 1, ‑ніцца; зак.
Пакрыцца пенай. Вада састоялася, запенілася і цяпер.. як зацярушаная белым макавым зернем. Пташнікаў. [Мядзведзь] запеніўся ўвесь І гарою жывой Ломіць, крышыць кусты. Бядуля.
запе́ніцца 2, ‑ніцца; зак.
Пачаць пеніцца.
запе́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Пакрыць пенай; успеніць. Запеніць ваду.
запе́ньвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да запеніцца.
2. Зал. да запеньваць.
запе́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запеніць.
запе́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Папярхнуўшыся, закашляцца. — Усяго добрага! — на высокай ноце выкрыкнуў Вольф і заперхаўся. Гурскі.