Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загля́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. заглядваць — заглянуць ​1.

загля́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да загледзецца, заглядзецца.

загля́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заглянуць.

заглядзе́нне, ‑я, н.

Разм. Пра што‑н. прыгожае, такое, чым можна залюбавацца. — Гэта вішні мае зацвілі. Ну, верыце, заглядзенне адно! Адцвілі, а завязі на кожнай галінцы, нібы каралі хто нанізаў. Жычка.

•••

На заглядзенне — так, што можна залюбавацца.

заглядзе́цца,

гл. загледзецца.

загляну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Глянуць куды‑н., унутр чаго‑н.; кінуць позірк на тое, што трэба разгледзець, убачыць. Заглянуць у вочы. Заглянуць за шафу. Заглянуць пад ложак. □ Цыбаты бялявы хлопчык .. заглянуў у адчыненае акенца машыны. Гамолка. // перан. Пранікнуць куды‑н., асвятліць прамянямі (пра сонца, месяц і пад.). Святло месяца заглянула ў акно, і ў хаце стала неяк весялей і святлей. Кавалёў. // перан. Бегла пачытаць асобныя месцы (у кнізе, газеце і пад.). Заглянуць у кнігу.

2. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Ёсць над Сожам гарадок. Просім, ягамосці: Ехаць будзеце здалёк, Загляніце ў госці. Калачынскі. Невысокі рухавы стары, да якога мы заглянулі ў хату, сустрэў нас ветліва. С. Александровіч.

•••

Заглянуць наперад (у заўтрашні дзень) — задумацца над будучыняй, уявіць яе сабе.

Заглянуць у душу (нутро і пад.) каму, чыё — адгадаць чые‑н. думкі, пачуцці.

заглянцава́цца, ‑цуецца; зак.

Зрабіцца глянцавым.

заглянцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

Навесці глянец, зрабіць паверхню чаго‑н. глянцавай.

заглянцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заглянцаваць.

загнаі́цца, ‑гноіцца; зак.

Пакрыцца, запоўніцца гноем; пачаць гнаіцца. Вочы загнаіліся.