падста́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да падстаўкі.
падста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.
1. Паставіць пад што‑н. Ніна наліла вады ва ўмывальнік, тазок падставіла. Лобан. [Халуста] падышоў да скрыні, у якую праз жолаб сыпалася мука. Падставіў далонь і памацаў муку. Чарнышэвіч. // Падперці, падтрымаць чым‑н. [Максім Сцяпанавіч] падышоў да труны і, калі яе сталі падымаць, падставіў плячо. Карпаў.
2. Наблізіць, прыставіць да каго‑, чаго‑н. з якой‑н. мэтай. — Можна каля вас прысесці? — спытала [Людміла] салодкім галаском. — Проша, проша! — прамовіў Лабановіч і падставіў ёй крэсла. Колас. — Ды вы сядайце, сядайце, — падставіў бліжэй да стала два крэслы стары, — Сцяпан Ігнатавіч зараз павінен з’явіцца. Пальчэўскі. // Наблізіўшы або павярнуўшы, зрабіць даступным для каго‑, чаго‑н. Сева нехаця падставіў.. [бацьку] шчаку, хуценька ўзяў чамадан і палез з маці ў аўтобус. Карпаў. Васіль памаўчаў. Адышоў ад манумента да абрыву, зноў падставіў твар салёным пырскам. Шамякін.
3. Паставіць узамен, замяніць кім‑, чым‑н. Падставіць лічбу ў формулу. □ Наталля падышла да Рыгора, каб запрасіць на круг, той ветліва падставіў Уладыся Барэйку. Скрыган.
•••
Падставіць нагу (ножку) — а) паставіць сваю нагу так, каб аб яе спатыкнуўся другі чалавек; б) перан. зрабіць непрыемнасці пашкодзіць каму‑н. [Максім:] — Яно я і сам думаў паспрабаваць шчасця, але саступаю. Сваім нагу не падстаўлю. Асіпенка.
Падставіць (свой) лоб — прыняць на сябе нейкі ўдар.
падстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. падставіць (у 3 знач.); замена аднаго другім. Матэматычны спосаб падстаноўкі.
падста́нцыя, ‑і, ж.
1. Электрычная ўстаноўка для пераўтварэння напружання току, які ідзе ад цэнтральнай электрастанцыі.
2. Прамежкавая тэлефонная станцыя.
падста́ўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑вак; ж.
Прадмет, які падстаўляюць пад што‑н. або на які ставяць што‑н. Вазоны на падстаўках. □ [Юстына] узяла з драўлянай падстаўкі медную конаўку.. і пачала піць. Баранавых.
падста́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падставіць.
падстаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да падстаўляць.
падстаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да падставіць.
падстаўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які падстаўляюць пад што‑н. або прыстаўляюць да чаго‑н. Падстаўны столік.
2. Падабраны для якой‑н. мэты замест сапраўднага. Яшчэ і цяпер захаваўся ў літоўскіх сёлах звычай, што, пакуль сапраўдныя маладыя рэгіструюцца, іх месца займаюць падстаўныя, звычайна пажылыя людзі. Броўка.
3. Уст. Прызначаны для замены (пра коней). [Кастусь з Алесем] ехалі адны, далёка паперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту. Караткевіч.
падсто́лле 1, ‑я, н.
Спец. Частка стала (ножкі і рама), на якую насцілаецца стальніца.
падсто́лле 2, ‑я, н.
Прастора, што знаходзіцца пад столлю. На міг малінавым святлом Ён [прамень] на падстоллі заіскрыць, То ўспыхне светлым матылём, То здасца — крылле зашуміць. Броўка.