падста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Паставіць пад што‑н. Ніна наліла вады ва ўмывальнік, тазок падставіла. Лобан. [Халуста] падышоў да скрыні, у якую праз жолаб сыпалася мука. Падставіў далонь і памацаў муку. Чарнышэвіч. // Падперці, падтрымаць чым‑н. [Максім Сцяпанавіч] падышоў да труны і, калі яе сталі падымаць, падставіў плячо. Карпаў.

2. Наблізіць, прыставіць да каго‑, чаго‑н. з якой‑н. мэтай. — Можна каля вас прысесці? — спытала [Людміла] салодкім галаском. — Проша, проша! — прамовіў Лабановіч і падставіў ёй крэсла. Колас. — Ды вы сядайце, сядайце, — падставіў бліжэй да стала два крэслы стары, — Сцяпан Ігнатавіч зараз павінен з’явіцца. Пальчэўскі. // Наблізіўшы або павярнуўшы, зрабіць даступным для каго‑, чаго‑н. Сева нехаця падставіў.. [бацьку] шчаку, хуценька ўзяў чамадан і палез з маці ў аўтобус. Карпаў. Васіль памаўчаў. Адышоў ад манумента да абрыву, зноў падставіў твар салёным пырскам. Шамякін.

3. Паставіць узамен, замяніць кім‑, чым‑н. Падставіць лічбу ў формулу. □ Наталля падышла да Рыгора, каб запрасіць на круг, той ветліва падставіў Уладыся Барэйку. Скрыган.

•••

Падставіць нагу (ножку) — а) паставіць сваю нагу так, каб аб яе спатыкнуўся другі чалавек; б) перан. зрабіць непрыемнасці пашкодзіць каму‑н. [Максім:] — Яно я і сам думаў паспрабаваць шчасця, але саступаю. Сваім нагу не падстаўлю. Асіпенка.

Падставіць (свой) лоб — прыняць на сябе нейкі ўдар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)