Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

залаты́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з золата, з’яўляецца золатам. Залаты самародак. Залаты пясок. // Зроблены з золата. Залаты пярсцёнак. // Вытканы, вышыты пазалочанымі ніткамі. Залатыя пагоны. // Які вылічаецца на золата, па курсу золата. Залаты размен. Залатая валюта.

2. у знач. наз. залаты́, ‑ога, м. Уст. Залатая манета; чырвонец.

3. Бліскуча-жоўты, падобны колерам да золата. На неба ўсходзіў месяц залаты. Купала. Залатыя промні працягнуліся праз вокны і ў Паходнеў пакой. Хадкевіч.

4. перан. Надта добры па сваіх якасцях; цудоўны, выдатны. Залаты характар. Залатыя словы. □ «Які мілы і залаты хлопец, — падумала.. [Магдалена]. — Як ён завіхаецца каля машыны і які рухавы». Чорны.

5. перан. Шчаслівы, радасны. Залаты час. Залатое дзяцінства. □ Маладая вясна, залатая пара! Будзь красна і ясна, Не шкадуй нам дабра! Колас.

6. перан. Дарагі, любімы. Залатыя мае дзеткі.

7. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Залатое дрэва. Залатая рыбка.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Залатая восень гл. восень.

Залатая галава гл. галава.

Залатая жыла гл. жыла.

Залатая моладзь гл. моладзь.

Залатая сярэдзіна гл. сярэдзіна.

Залатое вяселле гл. вяселле.

Залатое дно гл. дно.

Залатое руно гл. руно.

Залаты век гл. век.

Залаты дождж гл. дождж.

Залаты фонд гл. фонд.

Залатыя рукі гл. рука.

Залатыя словы гл. слова.

залаце́нькі, ‑ая, ‑ае.

Ласк. да залаты.

залаце́ць, ‑ее; незак.

Разм.

1. Станавіцца залатым, набываць адценне, колер золата. На ўсходзе паволі залацее неба.

2. Вылучацца сваім залатым колерам; блішчаць, як золата (пра што‑н. залацістае, бліскучае). Залацеюць на першых праменнях сонца пяскі Сухіх грудоў. Колас.

залаці́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны, служыць для залачэння. Залацільны прэс.

залаці́льшчык, ‑а, м.

Спец. Майстар, які займаецца залачэннем.

залаці́льшчыца, ‑ы, ж.

Спец. Жан. да залацільшчык.

залаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Крупінка золата, залатая пылінка.

залаці́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць залацістага; залацістае адценне.

залаці́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Колерам падобны да золата; з бліскуча-жоўтым адлівам. Залацістыя зоры. □ Лістапад залацістым лісцем у лясах засыпае паляны. Машара.

2. Як састаўная частка некаторых батанічных, заалагічных і мінералагічных назваў. Залацістая папараць. Залацісты тапаз.

залаці́цца, залаціцца і залоціцца; незак.

1. (залаціцца). Станавіцца залацістым; набываць адценне, колер золата. Стаў край неба залаціцца. Крапіва.

2. (залаціцца). Вылучацца сваім залацістым колерам, бляскам; ззяць, зіхацець (пра што‑н. залатое, залацістае). На нізкарослых бярозах залаціцца жоўтае лісце. В. Вольскі.

3. (залоціцца). Зал. да залаціць (у 1 знач.).