Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

залатано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сваім саставе золата, багаты на золата. Залатаносны пясок. Залатаносная жыла.

залата́р, ‑а, м.

1. Уст. Майстар па вырабу розных рэчаў з золата; ювелір. З граматы 1499 г. нам вядома, што ў гэты час сярод рамеснікаў Мінска налічвалася значная колькасць залатароў. «Беларусь».

2. Даўнейшая іранічная назва асенізатара.

зала́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Паправіць, адрамантаваць, паклаўшы латку (латкі); палатаць. Залатаць мех. Залатаць страху.

залаташва́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Майстрыха па шыццю, вышыванню золатам, залатымі ніткамі, мішурой.

залаташве́йны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з вышываннем пазалочанымі ніткамі. Залаташвейная майстэрня.

залатні́к 1, ‑а, м.

Старая мера масы, роўная 1/96 фунта (каля 4,26 г), якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

залатні́к 2, ‑а, м.

Механізм для аўтаматычнага кіравання патокам пары, газу, вадкасці ў цеплавых, гідраўлічных і пнеўматычных машынах.

залатніко́вы 1, ‑ая, ‑ае.

Уст. Масаю ў адзін залатнік ​1. Залатніковая гірка.

залатніко́вы 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да залатніка ​2. Залатніковая каробка. Залатніковы параразмеркавальнік.

залато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Уст. Манета ў 15 капеек. Як толькі збярэцца ў Сымоніхі колькі залатовак, яна ўвязвае іх у хусцінку і выпраўляецца ў мястэчка на рынак. Бядуля. — Жыта ўжо асыпаецца, а пан Тумашэвіч усё чакае, калі да яго прыйдуць наймацца касцы за залатоўку ў дзень. Машара.

залату́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Разм. Дзіцячая хвароба, якая характарызуецца высыпкай, нарывамі на целе і агульным змарнелым выглядам.

залату́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да залатухі. Залатушнае захворванне. Залатушная жаўцізна.

2. Хворы на залатуху; з залатухай. Залатушнае дзіця. // Чахлы, змарнелы з выгляду. Залатушны яфрэйтар, пазней другіх пакінуўшы матацыкл, пачынаў злаваць. Лынькоў.