Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падаткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.

Разм. Падняўшы ніжні край свайго адзення, заткнуць за пояс. Падаткнуцца з усіх бакоў.

падаткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак.

1. што. Падабраўшы канец, край чаго‑н., падсунуць, засунуць пад што‑н. Мар’ян паклаў свой шынель на мяне, падаткнуў і мой, і свой мне пад бакі. Васілёнак. [Жанчына] скупа кінула мне «добры дзень», не саромеючыся, падаткнула падол спадніцы, выцерла рукой мокры ад дажджу твар і ўзялася мыць падлогу. Хомчанка. // Заткнуць пад што‑н. [Піліп] падаткнуў пад паху верхнюю адзежу, пералез цераз паркан і агародамі падаўся да свайго дому. Сачанка.

2. што і чаго. Разм. Падсунуць, падкінуць чаго‑н. куды‑н. — Каб ведалі, хто падаткнуў агню [у пасеку], — судзілі б, не шкадуючы. Пташнікаў.

3. перан.; каго. Разм. Падбухторыць на што‑н. Напіўшыся,.. [Антось Кнюх] успамінае ўсе крыўды і можа зрабіць усё, хто на што ні падаткне. Дуброўскі.

4. перан.; на каго і з дадан. сказам. Разм. Удаць, данесці на каго‑н. Нехта з «добрых» людзей падаткнуў, што стары ў партызанскім атрадзе. Кудравец.

•••

Камар носа не падаткне гл. камар.

падатко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падатку, падаткаў. Падатковая сістэма. Падатковае абкладанне. // Які размяркоўвае і збірае падатак, падаткі. Падатковы інспектар.

пада́тлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць падатлівага. Падатлівасць матэрыялаў. □ [Кароль:] — Не, брат Нязвычны, не раджу я табе быць такім, як я, рахманым і падатлівым: ні да чаго не прывядзе гэта падатлівасць. Трэба быць цвёрдым. Гартны.

пада́тлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе сваю форму. Напаленае жалеза падатлівае. □ Зямля была мяккая, падатлівая. Асіпенка.

2. Згаворлівы, уступчывы (пра чалавека). Астаповіч змалку і дагэтуль быў чалавек мяккі і падатлівы чужому слову. Чорны. А пакажацца яна, вабная, дзябёлая, падатлівая, — і хлопец зусім траціць розум. Сачанка. // Уласцівы такому чалавеку. Была ў майго сябра добрая душа, падатлівы характар і чулае сэрца. Хомчанка.

пада́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць падатнага. Падатнасць грунту.

пада́тны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і падатлівы (у 1 знач.). Тут пад нагамі была ўжо не падатная багна.., а цвёрды, надзейны грунт. Мележ.

падатра́д, ‑а, М ‑дзе, м.

У сістэматыцы жывёл — падраздзяленне, частка атрада.

падаўжа́льнік, ‑а, м.

Прыстасаванне, пры дапамозе якога што‑н. падаўжаецца. Падаўжальнік для электрычнага шкура.

падаўжа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для падаўжэння чаго‑н. Падаўжальны канат.