падаткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак.
1. што. Падабраўшы канец, край чаго‑н., падсунуць, засунуць пад што‑н. Мар’ян паклаў свой шынель на мяне, падаткнуў і мой, і свой мне пад бакі. Васілёнак. [Жанчына] скупа кінула мне «добры дзень», не саромеючыся, падаткнула падол спадніцы, выцерла рукой мокры ад дажджу твар і ўзялася мыць падлогу. Хомчанка. // Заткнуць пад што‑н. [Піліп] падаткнуў пад паху верхнюю адзежу, пералез цераз паркан і агародамі падаўся да свайго дому. Сачанка.
2. што і чаго. Разм. Падсунуць, падкінуць чаго‑н. куды‑н. — Каб ведалі, хто падаткнуў агню [у пасеку], — судзілі б, не шкадуючы. Пташнікаў.
3. перан.; каго. Разм. Падбухторыць на што‑н. Напіўшыся,.. [Антось Кнюх] успамінае ўсе крыўды і можа зрабіць усё, хто на што ні падаткне. Дуброўскі.
4. перан.; на каго і з дадан. сказам. Разм. Удаць, данесці на каго‑н. Нехта з «добрых» людзей падаткнуў, што стары ў партызанскім атрадзе. Кудравец.
•••
Камар носа не падаткне гл. камар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)