засляпля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да засляпіць.
засма́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад засмажыць.
засма́жыцца, ‑жыцца; зак.
Прыгатавацца ў выніку смажання (пра страву). Мяса добра засмажылася.
засма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
Прыгатаваць для яды смажаннем. Засмажыць гусака. □ Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай. Колас.
засмакта́ць 1, ‑смокча; зак., каго-што.
Уцягнуць, увабраць у сябе (пра багну, пясок і пад.). Адразу збоку грэбелькі млела дрыгва, зманліва зялёная, з буйнай травою; ступі — і не выберашся, зацягне, засмокча навек. Мележ. // перан. Уцягнуць у сваё асяроддзе, узяць пад сваю ўладу. Засмактала, закружыла жыццёвая віхура хлапчыну з глухога кутка па-над Віліяй. Мехаў.
засмакта́ць 2, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак.
Разм. Пачаць смактаць.
засмалі́цца, ‑смоліцца; зак.
1. Паддацца засмолцы, засмольванню. Лодка добра засмалілася.
2. Пакрыцца, зацячы смалой. Не блішчыць ужо на сонцы сякера — яна ў смале і маладой сасновай кары; засмалілася тапарышча, стала чорнае. Пташнікаў.
засмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., што.
Заліць (апрацаваць) смалой. Засмаліць човен. Засмаліць канат. □ Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прыгнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.
засмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.
Разм. Закурыць, пускаючы многа дыму з папяросы. [Мікіта] пачаў набіваць люльку. — Ізноў засмаліў, аж не прадыхнуць. Скрыпка.
засмалі́ць 3, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.
Разм. Ударыць з усёй сілы; заехаць. Засмаліць у вуха.
засмалі́ць 4, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.
Разм. Хутка пабегчы, паімчацца. — Павярнуўся тады я .. і як засмаліў, як налёг! Азірнуўся назад тады толькі, калі з лесу пачала выплываць наша хата. Тут я спыніўся, пайшоў ціха. Колас.
засмарка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць смаркацца.