закаха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Адчуць пачуццё кахання да каго‑н.; улюбіцца. — Галіна Макараўна закахалася па самыя вушы ў Мятлу і думала, што гэта ніхто не заўважае. Машара.
закаха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Абудзіць у кім‑н. пачуццё кахання да сябе, прымусіць пакахаць. Уласна кажучы, у апошнія гады.. [Тамары Аляксандраўне] не столькі хацелася зачараваць.. [Яраша], закахаць, колькі проста пераможна ўзяць — націскам, прыступам. Шамякін.
зака́цісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Гучны, працяты; раскацісты (пра смех). Сюды ж, у гэтую сімфонію фабрычных гудкоў, далучаецца грукат .. сялянскіх калёс, гоман рыбакоў, стук вёсел і закацісты смех вясёлага чалавека. Колас.
закаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., за чым‑н. Шпулька нітак закацілася ў куток. Кола закацілася за вугал. □ Дзмітрый нагнуўся, адкінуў гарачую гільзу, якая нейкім чынам закацілася пад тармазны педаль. Беразняк. // перан. Імкліва ўвайсці, убегчы куды‑н. Раптам дзверы расчыніліся і ў хату з гоманам, піхаючы адзін аднаго, закацілася пяцёра хлапчукоў. Дубоўка.
2. Зайсці, схавацца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Сонца закацілася за лес, і адразу стала цямнець. Галавач. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Дамашэвіч. // перан. Скончыцца. Яго слава хутка закацілася.
3. Разм. Пачаць закаціста смяяцца, рагатаць і пад. Хлопцы закаціліся дружным рогатам. Зарэцкі. — Ха-ха-ха! — зноў закаціўся смехам Дэвіс. Васілевіч.
закаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. што. Коцячы, перамясціць, змясціць куды‑н. Закаціць калёсы ў хлеў. □ Каля магазіна [Вова і Пеця] знайшлі бочку, закацілі яе на самы высокі пагорак. Хомчанка.
2. Разм. Уехаць, заехаць куды‑н. Макара шукалі ўсім калгасам. Але нідзе не знайшлі. Вярнуўся ён толькі назаўтра пад вечар. Закаціў на калясцы ў Язэпаву зямлянку, выцер пот рукавом. Асіпенка.
3. Разм. Учыніць, зрабіць што‑н. надзвычайнае. Закаціць скандал. Закаціць істэрыку. □ Шахцёр спыніўся, падняў угору .. букет і закаціў такую прамову, што ў Міхася міжвольна прайшоўся па спіне халадок. Лупсякоў.
•••
Закаціць (падвесці) вочы — завесці зрэнкі пад верхнія павекі.
закача́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Качаючыся, пакрыцца, абляпіцца чым‑н.; укачацца. Закачаўся ў снег.
закача́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Прыемна здзівіцца, прыйсці ў захапленне. — Я і цяпер сваечку так абкантую, што закачаешся! «Работніца і сялянка».
•••
Хоць закачайся — пра што‑н. вельмі добрае, асаблівае.
закача́цца 3, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць качацца (у 1 знач.).
закача́ць 1, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што, у што.
Качаючы, пакрыць, абляпіць чым‑н. зверху. Закачаць мяса ў цеста.
закача́ць 2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак.
Пачаць качаць (у 5 знач.).
зака́шляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Зайсціся моцным працяглым кашлем. Хлапчук ахвотна зацягнуўся дымам і закашляўся. Чорны. Кірыла кінуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашляліся, але з лавачкі не сышлі. Шамякін.
зака́шляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
Пачаць кашляць. // Кашлянуць некалькі разоў запар. Праз нейкі час на веранду выйшаў Пілацееў. Сяляне закашлялі і паціху, амаль разам, прывіталіся. Галавач.
закаштава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., чаго і без дап.
Разм. Паспрабаваць на смак; пакаштаваць. Закаштаваць каравая.