Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўлега́льны, ‑ая, ‑ае.

Не зусім легальны; напалавіну легальны. Паўлегальная газета. □ Дзякуючы Рыгору была праведзена паўлегальная кампанія збору падпіскі на газету «Праўда». Гартны.

паўлёгкі, ‑ая, ‑ае.

Які займае прамежкавае становішча паміж лёгкім і найлягчэйшым (пра вагавую катэгорыю ў спорце).

паўлі́н, ‑а, м.

Вялікая паўднёваазіяцкая птушка з стракатым апярэннем і доўгім веерападобным хвастом (у самцоў). Невядома, навошта такія прыгожыя, так багата прыбраныя паўліны час ад часу вельмі дзіўна крычаць, задраўшы раскрытыя дзюбы — у нейкім салодкім адчаі... Брыль.

паўлі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паўліна, належыць яму. Паўлінавае пяро.

паўліпа́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Уліпнуць — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Лісце паўліпала ў гразь.

паўлі́тра, м.

Палавіна літра. [Гардзей:] — Ён, братка, паўлітра першаку адразу выпіваў. Мележ.

паўлітро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае паўлітра. Паўлітровая бутэлька. □ У засені дрэў, што раслі на ўзмежку дарогі да тарфянікаў, на белых хусцінках былі раскладзены агульныя прыпасы: вяндліна, свежыя агуркі, хлеб, стаяла ў паўлітровай банцы масла. Савіцкі.

паўлітро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Разм. Бутэлька ёмістасцю ў паўлітра, звычайна напоўненая гарэлкай. — Вось ён прыходзіць увечары да яе ў хату, паўлітроўку на стол, — і Мальвіна паказала жэстам, як Мачулін з упэўненым гонарам ставіў бутэльку. Дуброўскі. Бацька пакроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Брыль.

паўлітэ́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Тое, што і паўлітроўка. Зарына сказала: — Можа, вып’еце, мужчыны? — і паставіла на стол пачатую паўлітэрку гарэлкі. Шамякін.

паўляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжым, ‑лежыце; незак.

Ляжаць з прыўзнятай верхняй часткай тулава, звычайна апіраючыся на што‑н. На яго месцы ў крэсле сядзеў Караба, а на канапе паўляжаў.. Лапшоў. Асіпенка.