палемі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да палемікі. // Уласцівы, характэрны для палемікі. Палемічны тон. □ Патрыятызм паэта набіраў палемічнага задзёру, перарастаў у страсць, у свядомую ідэю ўсяго жыцця паэта, усёй яго творчасці. Лойка.
2. Які заключае ў сабе палеміку. Палемічная літаратура.
пале́на, ‑а, н.
Адпілаваны або адпілаваны і рассечаны кавалак ствала дрэва на паліва. Нічыпар падкінуў у вогнішча сухое палена, падгроб сук[о]м вуголле. Астапенка. Яе пытаючыся, .. [Уладзімір] узяў з рук у.. [Волькі] сякеру і пачаў гваздаць палена за паленам. Скрыган. // Разм. Кавалак бервяна; калодка (у 1 знач.). У сонечныя дні стары Гарась, выбраўшыся з хаціны, вобмацкам апускаўся на палена пад стромкім дубам. Ракітны.
паленава́цца, ‑лянуюся, ‑лянуешся, ‑лянуецца; зак.
1. Не зрабіць чаго‑н. з-за ляноты. Нартыш хацеў закурыць, але перадумаў, паленаваўся выходзіць у халодную кухню. Няхай. — Я сёння нібы прадчувала, што вы зойдзеце, і таму не паленавалася прыгатаваць наш агульны ласунак. Вось ваша талерка. Паслядовіч.
2. Ленавацца некаторы час. [Лёня] грозна зірнуў на Валодзю і Алеся, якія любілі паленавацца і пры зручным выпадку стараліся пазбавіцца ад любой работы. Ваданосаў.
пале́нне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. паліць (у 2, 3 знач.).
пале́нне 2, ‑я, н., зб.
Палены. На дварэ — паленне, цёскі, Куча сметніку ляжыць. Колас. [Саўчанка] усміхнуўся, паправіў палкай паленне ў печцы. Шамякін.
па́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад паліць 1 (у 2 знач.).
2. у знач. прым. Абпалены. Паленая вапна. □ У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну. Бядуля.
3. у знач. прым. Які апаліўся, падгарэў. Запахла паленай збажыной, полымя абняла палову палёгка, пакідаючы чорныя прагаліны. Гурскі. Ад гарачыні з буракоў пацёк на цэглу сок, і ў хаце доўга пахла паленым цукрам. Пальчэўскі. / у знач. наз. па́ленае, ‑ага, н. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Караткевіч.
палео́граф, ‑а, м.
Спецыяліст па палеаграфіі; даследчык старажытных рукапісаў.
пале́пшанне, ‑я, н.
Тое, што і паляпшэнне. [Страмілін:] Я прапаную падтрымаць таварыша Гусаковіча і ўзяцца за палепшанне канструкцыі. Крапіва.
пале́пшаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад палепшыць.
2. у знач. прым. Лепшы па якасці, па сваіх уласцівасцях. Палепшаная парода хатніх жывёл.
пале́пшаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Стаць лепшым. [Дзед:] — Паедзеш сёння са мною на Рудаівец. Надвор’е, здаецца, надоўга палепшала. Даніленка. // безас. Стала, зрабілася лепш. Старой, відаць, палепшала, яна пра нешта пачала гаварыць з хлопцамі і ўсміхацца. Парахневіч. [Домна:] — Ідзіце, можа, чаю напіцеся з дарогі?.. А там я вам пасцель пасцялю, адаспіцеся. Заўтра можа на дварэ палепшае. Лобан.