Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пакла́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пакласці.

пакла́дзістасць, ‑сці, ж.

Уласцівасць пакладзістага. Пакладзістасць характару.

пакла́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Уступлівы, згаворлівы, мяккі па характару. Па-ранейшаму.. [Сакалдынскі] яшчэ дужы, з жылістымі рукамі, з добрымі адкрытымі вачамі. Усюды свойскі, пакладзісты. Трэба каго выручыць — ніколі не разводзіць рукамі. Гроднеў.

пакла́ды, ‑аў; адз. паклад, ‑а, М ‑дзе, м.

Залежы (гл. залеж у 2 знач.). Паклады калійнай солі.

пакла́жа, ‑ы, ж.

Тое, што пакладзена, ускладзена куды‑н. (для перавозкі, пераноскі і пад.); груз, багаж. Андрэй звязаў маленькі чамаданчык і пакуначак кніг раменьчыкам, перакінуў паклажу цераз плячо і рушыў да сваёй вёскі. Дуброўскі. [Дзямід Сыч] імкліва абышоў вакол машыны, прыглядаючыся .. да яе паклажы. Паслядовіч.

паклане́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакланяцца.

2. Адданае захапленне, глыбокая павага. Заваяваць пакланенне.

паклані́цца, ‑ланюся, ‑лонішся, ‑лоніцца; зак.

1. Зрабіць паклон (як знак прывітання, удзячнасці, павагі, у час малітвы і пад.). — Добры дзень! — сказаў.. [настаўнік], падыходзячы да грамады... Шмат хто з сялян знялі шапкі і пакланіліся... Чарот. — А за тое, што вы мне на старасці такое шанаванне зрабілі, яшчэ раз — шчырае дзякуй! — і .. [Вобрык] пакланіўся ўсёй зале. Дуброўскі.

2. Перадаць каму‑н. паклон, прывітанне; засведчыць каму‑н. сваю павагу. — Сустрэнеш — пакланіся.. [дачцэ] у ногі ад мяне і скажы: бацька вінаваты перад ёю. Бажко. — Не забудзьце пакланіцца сястрыцы! — папрасіла ад сябе гаспадыня. Гартны.

3. Уніжана папрасіць. Васіль жа чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і сама прыйдзе да яго, пакланіцца яму і будзе ўніжацца перад ім. Колас.

4. Выказаць сваім наведваннем асаблівую пашану, павагу, адданасць каму‑, чаму‑н. Ніколі не забудзецца маленькі чэх Урбанэк з кветкамі, які прыйшоў разам з маткаю пакланіцца загінуўшым. Мележ.

пакланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Слепа адносіцца да каго‑, чаго‑н., як да найвышэйшай сілы. [Сцёпка:] — Сотні гадоў пакланяліся вы «святому калодзежу», і сотні гадоў стаяла тут Гнілое балота, заражала паветра і разносіла хваробы. Колас.

2. Аддаваць перавагу каму‑н. у чым‑н., глыбока паважаць, шанаваць.

паклапата́ць, ‑пачу, ‑почаш, ‑поча; зак.

1. Прыкласці сілы, намаганні, каб зрабіць што‑н., дамагчыся чаго‑н. — Давай паклапочам перад паштова-дарожным начальствам, — пажартаваў Фелікс, — няхай пусцяць адзін-два дыліжансы і да Саўкі. Якімовіч.

2. Правесці некаторы час у клопатах.

паклапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; зак.

1. Патурбавацца, панепакоіцца з выпадку чаго‑н., каб забяспечыць кім‑, чым‑н. Здаецца, можна было б і адпачыць трохі цяпер. Але адпачынак не ў дзядзькавай натуры: цяпер якраз і аб зіме час паклапаціцца. Колас. [Камлюк:] — Паклапаціся пра коней, калі матацыкл не наладзіш. М. Ткачоў. — Хлопцы, паклапаціцеся адносна вячэры. Машара.

2. Праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. — Калі не хочаш, падумаць пра сябе, дык пра сына паклапаціся. Пальчэўскі. — Вы ж разумееце, што да восені мы павінны пасяліць маладых рабочых у інтэрнат, паклапаціцца, каб у іх было цёпла, светла і ўтульна, і абавязкова — весела, — працягвае Катаводаў. Грахоўскі.