паклані́цца, ‑ланюся, ‑лонішся, ‑лоніцца; зак.

1. Зрабіць паклон (як знак прывітання, удзячнасці, павагі, у час малітвы і пад.). — Добры дзень! — сказаў.. [настаўнік], падыходзячы да грамады... Шмат хто з сялян знялі шапкі і пакланіліся... Чарот. — А за тое, што вы мне на старасці такое шанаванне зрабілі, яшчэ раз — шчырае дзякуй! — і .. [Вобрык] пакланіўся ўсёй зале. Дуброўскі.

2. Перадаць каму‑н. паклон, прывітанне; засведчыць каму‑н. сваю павагу. — Сустрэнеш — пакланіся.. [дачцэ] у ногі ад мяне і скажы: бацька вінаваты перад ёю. Бажко. — Не забудзьце пакланіцца сястрыцы! — папрасіла ад сябе гаспадыня. Гартны.

3. Уніжана папрасіць. Васіль жа чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і сама прыйдзе да яго, пакланіцца яму і будзе ўніжацца перад ім. Колас.

4. Выказаць сваім наведваннем асаблівую пашану, павагу, адданасць каму‑, чаму‑н. Ніколі не забудзецца маленькі чэх Урбанэк з кветкамі, які прыйшоў разам з маткаю пакланіцца загінуўшым. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)