Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

за́лпавы, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца адначасова, залпам. Залпавы агонь.

за́лпам, прысл.

1. Адначасова з некалькіх гармат, мінамётаў, вінтовак (пра выстралы). Група Дзям’яна, зайшоўшы ў тыл, ударыла залпам. Пестрак.

2. перан. Разм. Адразу, без перадышкі. Марына, не чакаючы ўгавораў, выпіла шклянку залпам. Хадкевіч.

залубяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Зацвярдзелы, нягнуткі, каляны. [Маша] развязала хустку, на якой блішчалі сняжынкі, скінула залубянелую ватоўку. Мележ.

залубяне́ць, ‑ее; зак.

Разм. Стаць цвёрдым, нягнуткім, каляным. Сівер абдаў .. [Рамана] парошай; адразу залубянела вопратка, не сталі згінацца рукі. Пташнікаў.

залу́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад залужыць.

залужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да залужыць.

залу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да залужыць.

залужы́ць, ‑лужу, ‑лужыш, ‑лужыць; зак., што.

Спец. Зрабіць лугам, ператварыць што‑н. у луг. Залужыць балота.

залужэ́нне, ‑я, н.

Стварэнне лугу на месцы чаго‑н., ператварэнне чаго‑н. у луг. Залужэнне поля. □ Ад самага ранку была .. [Настасся Піліпаўна] на тых балотах, якія асвойваюцца пад пасеў збожжавых і тэхнічных культур, на якіх праводзіцца залужэнне. Бялевіч.

залуна́ць, ‑ае; зак.

Пачаць лунаць.