закру́глены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад закругліць.
2. у знач. прым. Круглявы, акруглы. Закруглены вугал дома. □ Закруглены краі спражкі так ёмка слізгаў па скуры, што не пакідаў знаку. Маўр.
3. перан.; у знач. прым. Гладкі, закончаны (пра стыль мовы). Закругленая фраза.
закруглі́цца, ‑круглюся, ‑круглішся, ‑кругліцца; зак.
1. Стаць круглым, закругленым. Бераг возера закругліўся.
2. перан. Разм. Скараціўшы, закончыць (прамову, выказванне і пад.). Прамоўца закругліўся.
закруглі́ць, ‑круглю, ‑кругліш, ‑кругліць; зак., што.
1. Зрабіць круглым. Вострыя канты лапатачак трэба старанна закругліць асялком, а лёску на кручку змазаць.. клеем. Матрунёнак.
2. перан. Скончыць, завяршыць. — Мая брыгада першай.. закончыла ўсе работы. Закругліла, адным словам, гаспадарчы год, заняла першае месца. Пянкрат. На гэтым байку закруглю. Валасевіч.
закругля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да закругліцца.
2. Зал. да закругляць.
закругля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да закругліць.
закружы́цца, ‑кружуся, ‑кружышся, ‑кружыцца; зак.
Пачаць кружыцца.
•••
Галава закружылася гл. галава.
Закружылася (закруцілася) у галаве ў каго — пра адчуванне кім‑н. галавакружэння.
закружы́ць, ‑кружу, ‑кружыш, ‑кружыць; зак.
Пачаць кружыць.
•••
Закружыць галаву каму — моцна захапіць чым‑н. каго‑н.
закру́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць крумкаць.
за́крутка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне для запірання дзвярэй у выглядзе драўлянага брусочка, які круціцца на восі. Зося зачыніла дзверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату. Гартны.
2. Заверцень, заварацень. [Дзед] зрабіў да аглабель новыя закруткі. Паправіў развалкі. Якімовіч.
закру́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. закручваць — закруціць 1 і стан паводле знач. дзеясл. закручвацца — закруціцца 1.
закруці́цца 1, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Завіцца (пра валасы). Валасы закруціліся. // Разм. Загнуцца, завярнуцца. А якая чарга за білетамі была! Уздоўж сцяны два разы закруцілася. Васілевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абматацца, абвіцца вакол чаго‑н. Лейцы закруціліся за кола.
3. Абматаць, абгарнуць сябе чым‑н. Андрэй адышоў ад гурту, закруціўся ў кажух і лёг каля мяжы. Чарнышэвіч.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Круцячыся, зашрубавацца, дайсці да патрэбнага месца, да канца. Гайка закруцілася. Кран закруціўся.
5. Разм. Стаміцца, змучыцца ад розных клопатаў. — А што ты да нас не прыходзіш? — Справы, закруціўся. Гурскі.
•••
Галава закруцілася гл. галава.
Закруцілася ў галаве — тое, што і закружылася ў галаве (гл. закружыцца).
закруці́цца 2, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
Разм. Пачаць круціцца.