паго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Стан атмасферы ў данай мясцовасці. Сухая пагода. Марозная пагода. □ Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. // Добрае надвор’е. Як мінае бура, настае пагода. Вось таму мне мілы росквіт веснавы. Гурло. Дым слупамі — на пагоду — Падымаецца ўгару. Калачынскі. Хто дажджом косіць, той пагодаю сушыць. З нар.
•••
Рабіць пагоду гл. рабіць.
Чакаць з мора пагоды гл. чакаць.
паго́джанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пагоджанага (у 2 знач.); прыміранасць, зладжанасць.
паго́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пагадзіць.
2. у знач. прым. Прыміраны.
паго́дзіцца, ‑дзіцца; незак.
Рабіцца пагодлівым. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над ракой. Караткевіч. Добра, што хоць пагодзілася: перастаў сыпаць дробны дождж. Машара.
паго́дзіць, ‑дзіць; безас. незак.
Разм. Пра добрае, спрыяльнае надвор’е. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк.
паго́длівы, ‑ая, ‑ае.
Добры, ясны, цёплы. За акном святлеў ясны пагодлівы ранак. Гартны. Стаіць позняя, але пагодлівая і ціхая восень. Дуброўскі.
паго́днены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пагадніць.
паго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і пагодлівы. Усталявалася пагодная восень. Чарнышэвіч.
2. Які мае адносіны да пагоды. Пагодныя адзнакі зімы.