Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

засло́на, ‑ы, ж.

1. Тое, што прыкрывае, засланяе сабой што‑н. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Маўр.

2. Шырокае палотнішча (часта з дзвюх палавін), якое закрывае сцэну ад глядзельнай залы. На сцэне, за заслонай, ішла дзейсная падрыхтоўка да канцэрта. Чарнышэвіч.

•••

Агнявая заслона — паласа артылерыйскага або мінамётнага агню, якая служыць перашкодай для руху праціўніка.

Дымавая заслона — штучна ўтвораныя воблакі дыму або туману як спосаб маскіроўкі.

Прыўзняць заслону гл. прыўзняць.

Упала (спала) заслона — стала зразумелым, вядомым тое, што было тайным, скрытым.

засло́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад засланіць.

засло́нка,

гл. засланка.

заслу́га, ‑і, ДМ ‑слузе, ж.

Дзейнасць, учынак, вартыя павагі, высокай ацэнкі. Атрымаць па заслугах. Якая заслуга, такая і пашана. □ Заслуга пісьменніка ў тым, што ён убачыў галоўнае ў .. рэчаіснасці, у мастацкіх вобразах раскрыў сутнасць яе. Арабей.

заслуго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да заслужыць (у 1 знач.).

2. Быць вартым чаго‑н. Прапанова заслугоўвае ўвагі.

заслу́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад заслужыць.

2. у знач. прым. Дасягнуты працай, заслугамі. Заслужаная ўзнагарода. Заслужаная падзяка. Заслужаны адпачынак. // Атрыманы ў адпаведнасці з паводзінамі, учынкамі; справядлівы. Заслужаная кара. Заслужаная помста. Заслужаны дакор.

3. у знач. прым. Які мае вялікія заслугі; паважаны, ганаровы. Заслужаны чалавек. Заслужаны працаўнік. // Уваходзіць у склад ганаровага звання, якое прысвойваецца ўрадам за заслугі ў галіне навукі, мастацтва, спорту і пад. Заслужаны дзеяч культуры. Заслужаны майстар спорту. Заслужаны настаўнік рэспублікі.

заслу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заслужыць.

заслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак., што.

1. Дзейнасцю, паводзінамі выклікаць пэўныя адносіны да сябе; стаць вартым чаго‑н. Заслужыць любоў. Заслужыць павагу. □ Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Колас.

2. Набыць права на што‑н. службай, працай; атрымаць за службу, працу. Заслужыць права на адпачынак. Заслужыць медаль.

заслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Слухаючы што‑н., захапіцца, забыць на ўсё. Дзед умее расказваць такія цікавыя казкі, што заслухаешся. Рылько.

заслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Выслухаць каго‑н. або што‑н. (на сходзе, пасяджэнні і пад.). Заслухаць справаздачу. □ Старшынёй абралі Ніну. Заслухалі Туміліна і Баўтрукова. Савіцкі.