Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

запаску́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да запаскудзіць.

запаску́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Разм. Забрудзіць адкідамі, нечыстотамі. Запаскудзіць двор. □ — Гэта жаб[ін]ая ікра толькі кашулю запаскудзіць, — сказаў Мірон, з гідлівасцю адграбаючы гэты кісель. Маўр. Дзятляняткі чысціню любяць. Ніколі свайго гнязда не запаскудзяць, з хаткі хлява не зробяць. Клышка.

запа́слівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць запаслівага.

запа́слівы, ‑ая, ‑ае.

Які любіць і ўмее запасацца, ствараць запас. Бочку з вадою, відаць, трымалі тут запаслівыя гаспадары для паліўкі град. Якімовіч. Запаслівы, як і любы шафёр, Цімашэнка дастаў з багажнай скрынкі кавалак ружовага сала. «Беларусь».

запа́снік, ‑а, м.

Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н. запаснога або таго, што не выкарыстоўваецца. / у перан. ужыв. Ішоў час, была другая работа, і гісторыя Міхаліны Казіміраўны, хоць я не раз успамінаў яе, ляжала ў маім творчым запасніку. Шамякін. // Сховішча для музейных экспанатаў, не ўключаных у экспазіцыю.

запасні́к, а́, м.

Разм. Ваеннаабавязаны запасу. На Садовай ля знаёмага кожнаму запасніку двухпавярховага дома — натоўп людзей. Сабаленка. // Салдат запасной воінскай часці.

запасны́, ‑ая, ‑ое.

1. Зроблены, пакінуты на ўсякі выпадак; які маецца ў якасці запасу. Запасны выхад. Запасны ключ. Запасныя часткі. Запасны ігрок.

2. Які мае адносіны да запасу (у 5 знач.). Запасны полк. // у знач. наз. запасны́, ‑ога, м. Ваеннаабавязаны запасу; запаснік. Павалілі [па мабілізацыі] грамадою запасныя, трымаючы кірунак на бліжэйшыя чыгуначныя станцыі. Колас.

запа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; пр. запаў, ‑ла; зак.

1. Увайсці, заскочыць унутр. Выходзячы, [Пракоп] хацеў бразнуць дзвярамі, але запаў слясак у дзвярах. Баранавых.

2. Разм. Падаючы, трапіць куды‑н. У вока запала парушынка.

3. Уваліцца, стаць запалым. У вязня і грудзі запалі і шчокі, Румянец пачаў на іх хворы гарэць. Зарыцкі. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў.

4. перан. Глыбока замацавацца, захавацца (у сэрцы, памяці і пад.). Бывае ж так: скажа хто часам, без ніякага намеру, а цябе словы яго крануць за жывое, западуць глыбока ў памяць. Пальчэўскі. Асабліва мне запала ў галаву тое, што мы з дзядзькам Пракопам пойдзем у нядзелю ў Верамеевічы і ён мяне завядзе на сход камсамольскай ячэйкі. Сабаленка.

5. Разм. Аслабець, заняпасці. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў. Гарэцкі.

запасці́ся, ‑суся, ‑сешся, ‑сецца; ‑сёмся, ‑сяцеся; пр. запасся, ‑лася, ‑лося; зак.

Забяспечыць сябе чым‑н. на ўсякі выпадак. Запасціся харчамі. Запасціся канвертамі і паперай. □ Ноччу часці спяшаліся запасціся боепрыпасамі і ўсім неабходным. Няхай.

запатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

У шахматнай гульні — паставіць караля ў становішча пата.

запатне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і запацелы. Запатнелы лоб. Запатнелае акно.