Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

замігаце́ць, ‑ціць; зак.

Пачаць мігацець.

заміга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць мігаць.

замігце́ць, ‑ціць; зак.

Пачаць мігцець.

замі́ж, прыназ. з Р.

Абл. Замест. І тчэ, забыўшыся, рука, Заміж персідскага ўзору, Цвяток радзімы васілька. Багдановіч.

замілава́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць замілавальнага. Замілавальнасць усмешкі.

замілава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прыводзіць у замілаванне. Замілавальная карціна. // Які выражае замілаванне. Замілавальная ўсмешка. Замілавальны погляд.

замілава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць замілаванага. Уразіла цеплыня і замілаванасць позіркаў, хараство слоў. Лось.

замілава́нне, ‑я, м.

Стан расчуленасці, пачуццё пяшчоты да каго‑, чаго‑н., любаванне кім‑, чым‑н. Плывуць і плывуць вясновыя напевы. Сэрца замірае ад замілавання. Пянкрат. З вялікай любасцю і замілаваннем гляджу я на нашу цудоўную моладзь і часта ёй зайздрошчу. Сяргейчык.

замілава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад замілаваць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане замілавання; расчулены. Сядзіць і курыць — ён [дрывасек] замілаваны, Спакойна ў лесе для яго душы. Кірэенка. // Які выражае замілаванне. Замілаваны погляд. // Поўны замілавання. — Якія мілыя дзеткі, — замілаваным голасам хваліла старая. Няхай.

замілава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.

Прыйсці ў замілаванне; расчуліцца. Нешта падобнае мы сустракаем і ў Івана Пташнікава, чыя пісьменніцкая ўвага не абмінае нічога больш-менш значнага ў наваколлі, каб не замілавацца ім для стварэння ўзрушанага вобраза. Юрэвіч. — Што за чалавек Ян Сташэвіч! — замілаваўся Хаім. Чарнышэвіч.