падрабні́ць, ‑драбню, ‑дробніш, ‑дробніць; зак., што.
Скрышыць, раздрабіць на частачкі.
падрабры́нне, ‑я, н.
Спец. Месца пад рэбрамі. Левае падрабрынне.
падрабры́нны, ‑ая, ‑ае.
Які размяшчаецца, знаходзіцца пад рэбрамі. Падрабрынная плеўра. Падрабрынныя мышцы.
падрабя́знасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць падрабязнага. Падрабязнасць паведамлення.
2. Прыватная дэталь, дробная акалічнасць якой‑н. справы і пад. [Мікола і Таня] абгаварылі ўсе падрабязнасці будучага вяселля: і калі яго пачаць, і каго запрасіць, і як трымацца на людзях. Новікаў. Наведвальнікі паведамлялі ўсё новыя і новыя падрабязнасці пра палёт Цітова, і Зіна толькі і слухала іх. Васілёнак.
падрабя́зны, ‑ая, ‑ае.
Вельмі грунтоўны, дакладны, з усімі дэталямі і дробязямі. Падрабязны план. Падрабязная біяграфія. Падрабязнае паведамленне. □ У вопратцы.. [Кіда] было шмат патайных кішэняў, у якіх.. [пагранічнікі] знайшлі падрабязную карту Чукоцкага ўзбярэжжа. Бяганская.
падра́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.
Абавязацельства выканаць якую‑н. работу за пэўную плату, а таксама работа, што выконваецца паводле такога абавязацельства. Прадпрыемец быў — гарадскі памешчык. У вайну ён узяў падрад на шынельнае сукно і нажыўся. Чорны. Салдаты ад нуды бадзяліся па вуліцах, зарланілі песні, пілі гарэлку, бралі падрады на работу. Хомчанка. Такіх падрадаў, як трапіў гэты, на станцыі, Антон яшчэ ніколі не меў. Ракітны.
падра́д 2, прысл.
Непасрэдна адзін за другім, без перапынку; запар. Дожджык імжыць вось ужо больш тыдня падрад. Галавач. Людміла падумала, што і Іван Іванавіч, мусіць, спіць. Падрад тры аперацыі. Арабей. // (звычайна з займ. «усё», «усе»). Без выключэння, без разбору. Прэміраваць усіх падрад.
падраджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падрадзіцца.
2. Зал. да падраджаць.
падраджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падрадзіць.
падрадзі́цца, ‑раджуся, ‑радзішся, ‑радзіцца; зак., з інф.
1. Наняцца, абавязаўшыся выканаць што‑н. на пэўных умовах. [Герасім Іванавіч:] — Прыходзіць неяк ранічкаю Ахрэм да мяне і кажа: давай, Гараська, падрадзімся настаўніку хату рубіць. Карамазаў.
2. Даць згоду зрабіць што‑н., узяцца зрабіць якую‑н. работу каму‑н. З вучнямі пятага і шостага класаў [Ніна] яшчэ хадзіла на калгасны ячмень [свірэпу] рваць. Сама падрадзілася. Лобан. Кукарэка, ахвотны да размовы, падрадзіўся ісці і паказаць дом старшыні. Грамовіч.
падрадзі́ць, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак., каго-што.
Наняць, абавязаўшы выканаць што‑н. на пэўных умовах. Падрадзіць майстроў на часовую работу. Падрадзіць будаўнічую брыгаду.