падра́д ​1, ‑у, М ‑дзе, м.

Абавязацельства выканаць якую‑н. работу за пэўную плату, а таксама работа, што выконваецца паводле такога абавязацельства. Прадпрыемец быў — гарадскі памешчык. У вайну ён узяў падрад на шынельнае сукно і нажыўся. Чорны. Салдаты ад нуды бадзяліся па вуліцах, зарланілі песні, пілі гарэлку, бралі падрады на работу. Хомчанка. Такіх падрадаў, як трапіў гэты, на станцыі, Антон яшчэ ніколі не меў. Ракітны.

падра́д ​2, прысл.

Непасрэдна адзін за другім, без перапынку; запар. Дожджык імжыць вось ужо больш тыдня падрад. Галавач. Людміла падумала, што і Іван Іванавіч, мусіць, спіць. Падрад тры аперацыі. Арабей. // (звычайна з займ. «усё», «усе»). Без выключэння, без разбору. Прэміраваць усіх падрад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)