Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заклясці́, ‑кляну, ‑клянеш, ‑кляне; ‑клянём, ‑кляняце; пр. закляў, ‑кляла, ‑ло;

Зак. да заклінаць.

заклясці́ся, ‑клянуся, ‑клянешся, ‑клянецца; ‑клянёмся, ‑кленяцеся; пр. закляўся, ‑клялася, ‑лося; зак.

Адмовіцца рабіць што‑н.; зарачыся.

закля́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, на якога накладзена закляцце; пракляты. Многа было апавяданняў і пра заклятыя грошы. Чорны. Міхал ідзе адзін, пануры, І сам ён хмур, і думкі хмуры, Як гэты лес, снягамі сцяты Як замоўлены, закляты. Колас.

2. Непрымірымы, вечны (пра ворага, праціўніка). Шмат пакуль у смерці памагатых, Ворагаў жыцця заклятых. Зарыцкі. — Хай заклятыя паны На галлі асін пятрэюць! Кляшторны.

закля́цце, ‑я, н.

Уст.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. заклінаць — заклясці.

2. Тое, што і заклінанне (у 2 знач.). Мая дарагая матуля, Прывет і паклон мой табе, Тваё я закляцце ад кулі Заўсёды нашу пры сабе. Астрэйка.

3. Клятва, абяцанне, зарок. На гэтых завушніцах я напісаў закляцце — Усё, што не сказаў ёй, А ў чым хацеў прызнацца. Танк.

зако́ваны,

гл. закаваны.

зако́латы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад закалоць ​1.

зако́лвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да закалоцца.

2. Зал. да заколваць.

зако́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да закалоць ​1.

зако́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Шпілька для валос.

зако́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Абавязковае для ўсіх правіла, устаноўленае вышэйшым органам дзяржаўнай улады, якое мае найвышэйшую юрыдычную сілу. Канстытуцыя — асноўны закон Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Кодэкс законаў аб працы. Рабіць усё па закону.

2. ‑у. Наказ, загад, які з’яўляецца неаспрэчным, абавязковым для каго‑н. Загад камандзіра — закон для падначаленых.

3. ‑у. Агульнапрынятае правіла грамадскіх паводзін; звычай. Закон гасціннасць Законы сяброўства.

4. звычайна мн. (зако́ны, ‑аў). Асноўныя палажэнні ў якой‑н. справе, абумоўленыя яе сутнасцю. Законы правапісу. Законы вершаскладання.

5. ‑у. Пастаянная, аб’ектыўна існуючая сувязь паміж з’явамі, якая выцякае з прыроды саміх рэчаў; заканамернасць. Законы развіцця прыроды. Законы класавай барацьбы.

•••

Закон божы — асноўныя палажэнні хрысціянскай рэлігіі, як прадмет выкладання ў дарэвалюцыйнай школе.

Воўчы закон — пра адносіны ў грамадстве, дзе пануе самавольства дужых.

Закон не пісан для каго або каму — пра таго, хто ігнаруе агульнапрынятыя правілы, нормы паводзін.

Па-за законам — у становішчы, калі хто‑, што‑н. не ахоўваецца законам, пазбаўлены заступніцтва з боку дзяржаўных органаў.

Сухі закон — забарона ўжываць алкагольныя напіткі.