Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

патрапа́цца, ‑трэплецца; зак.

1. Трапаннем ачысціцца ад кастрыцы (пра валакно).

2. Разм. Зрабіцца брудным, непрыгодным ад працяглага або неахайнага карыстання. Хлопцы ў ватоўках, у ботах, якія гэтак жа, як і нашы, добра патрапаліся. Дзенісевіч.

патрапа́ць, ‑траплю, ‑трэплеш, ‑трэпле; зак., каго-што.

1. Трапаннем ачысціць (валакно ад кастрыцы). Лісавета была рада, што лён сцёрты, а патрапаць яго яна і сама здолее. Чарнышэвіч.

2. і без дап. Трапаць некаторы час. Кончыцца кананне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць. Гартны.

3. Разм. Працяглым або неахайным карыстаннем знішчыць, зрабіць бруднай, непрыгоднай якую‑н. рэч. Патрапаць адзежу. Патрапаць кнігу.

4. Злёгку, ласкава паляпаць, пагладзіць рукой, пальцамі. Раман злёгку, з любасцю, патрапаў па шыі коніка і прамовіў: — Эх ты, конік, мой конік! Колас. Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся: — Добра. Пішы. Таўлай.

5. перан. Панесці вялікія страты баявымі дзеяннямі. З-за цемені камандзір не мог устанавіць, ці знішчыў ён дэсант, ці так патрапаў яго. Чорны.

6. Абл. Пайсці. Басанож [сябры] патрапалі далей, пахвальваючы і дарогу, і расу, і гэтую прыемнасць ступаць босымі нагамі па мяккай дарозе. Колас.

патра́піцца, ‑трапіцца; зак.

Разм. Трапіцца, здарыцца. У Класы кіпела жаданне хапіць што самае першае патрапіцца пад рукі. Чорны. — Хто ж яе ведае? Ці мала што можа патрапіцца ў нашым жыцці, — казала адна жанчына. Галавач.

патра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

Разм.

1. Папасці, пацэліць. Агата, як ўтрапёная, бегала па хаце, нацягвала на сябе кофту, але не магла патрапіць у рукавы. Сабаленка. [Бадзюля] доўга яшчэ трымаў трубку, пасля хацеў павесіць на рычаг, не патрапіў, і яна, бразнуўшы, упала на лаву. Пташнікаў.

2. Апынуцца дзе‑н., трапіць куды‑н. Калі каму трэба патрапіць на самы бераг да рачных трамваяў, трэба пераходзіць па спецыяльных жалезных мастках, перакінутых праз вуліцу. Лынькоў. — Ну і дзіва! Як гэта ты [Анэтка] патрапіла да нас? Хадкевіч.

3. Дагадзіць, унаравіць каму‑н. — Можаш ісці, Харчанка, — кажа маёр салдату. — А мне, мабыць, гаспадыня паможа тут разабрацца. — Можа, не патраплю я вам? Скрыган. [Чарнавус:] — Я так і на сходзе сказаў: старасць! Не магу я ўжо цяпер паспець усюды, патрапіць усім... Кулакоўскі.

4. Змагчы, здолець зрабіць што‑н., даказаць што‑н. Я б патрапіў сказаць, Што і я чалавек, Што і мне гараваць Надаела ўвесь век. Купала. Путрамант падкрэслівае, што Танк першы ў заходнебеларускай літаратуры патрапіў глыбока ўнікнуць у стыхію беларускай мовы і тварыць з яе высокія мастацкія вартасці. Шырма. Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ. Колас. [Раіна:] «Заруба маніць вам, Бо толькі я патраплю адшукаць Дарогу ў лагер, ведаючы там І дрэва кожнае і кожны пень». Танк.

•••

Патрапіць у тон (пад густ) — сказаць ці зрабіць што‑н. дарэчы, прыемнае каму‑н. Анатоль адказваў скупа, быццам баяўся не патрапіць .. [Рыгору] у тон. Асіпенка. Захоча Богут, зробіць ласку, Адно патрап яму пад густ. Колас.

патрапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да патрапіць.

патрапята́цца, ‑пячуся, ‑печашся, ‑пачацца; зак.

Трапятацца некаторы час. Няхай бы ў таго манюкі сэрца хоць патрапяталася, хоць пабалела б трошачкі. Сабаленка.

патрапята́ць, ‑пячу, ‑печаш, ‑печа; зак., чым.

Трапятаць некаторы час. Каршун тым часам зрабіў яшчэ некалькі кругоў, на момант застыў у паветры, патрапятаў крыламі, выцягнуў лапы і рынуўся ў ваду. Ляўданскі.

патра́та, ‑ы, ДМ ‑раце, ж.

Разм. Трата, выдатак. Яму б тыя грошы, ён даў бы ім рады. Віскі ёй [маці] не трэба, цыгарэты не трэба, адно што на царкву сваю часам патраціцца, дык невялікія то патраты. Сапраўды, якія патрэбы ў старых? Лынькоў.

патра́ўка, ‑і, ДМ ‑траўцы; Р мн. ‑травак; ж.

Абл.

1. Страва, яда. Патраўка была нецікавая. Госць і гаспадар пабоўталі трохі, лыжкамі і забракавалі яе. Колас.

2. Верашчака.

патра́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад патравіць.