патрапа́ць, ‑траплю, ‑трэплеш, ‑трэпле; зак., каго-што.

1. Трапаннем ачысціць (валакно ад кастрыцы). Лісавета была рада, што лён сцёрты, а патрапаць яго яна і сама здолее. Чарнышэвіч.

2. і без дап. Трапаць некаторы час. Кончыцца кананне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць. Гартны.

3. Разм. Працяглым або неахайным карыстаннем знішчыць, зрабіць бруднай, непрыгоднай якую‑н. рэч. Патрапаць адзежу. Патрапаць кнігу.

4. Злёгку, ласкава паляпаць, пагладзіць рукой, пальцамі. Раман злёгку, з любасцю, патрапаў па шыі коніка і прамовіў: — Эх ты, конік, мой конік! Колас. Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся: — Добра. Пішы. Таўлай.

5. перан. Панесці вялікія страты баявымі дзеяннямі. З-за цемені камандзір не мог устанавіць, ці знішчыў ён дэсант, ці так патрапаў яго. Чорны.

6. Абл. Пайсці. Басанож [сябры] патрапалі далей, пахвальваючы і дарогу, і расу, і гэтую прыемнасць ступаць босымі нагамі па мяккай дарозе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)