Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зацяплі́цца,

гл. зацепліцца.

зацяплі́ць,

гл. зацепліць.

зацяру́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зацерушыць ​1.

зацяру́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зацерушыцца.

2. Зал. да зацярушваць.

зацяру́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зацерушыць ​1.

заця́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан зацятага. А на твары [Валі] як застыла, так і не раставала зацятасць і злосць. Адамчык. [Лес] стаяў суровы і сур’ёзны ў сваёй зімовай зацятасці. Навуменка.

заця́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацяць (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Упарты, настойлівы, які патрабуе вытрымкі, сілы. Зацятая барацьба. Зацяты бой. Зацятая спрэчка. □ Пачалося зацятае спаборніцтва трох упартых, моцных характараў. Шамякін. // Упарты, працяглы. Зацятая варожасць. Зацяты боль.

3. у знач. прым. Які тоіць, захоўвае ў сабе свае думкі, пачуцці; скрытны. Бабіч, гэты ціхі, лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Колас. Веньяміну хацелася б быць гордым і зацятым. Навуменка. // Напружаны, насцярожаны, затоены. У зацятай маўклівасці замерла вёска. Мала з якой хаты не было чалавека ў партызанах. Асіпенка.

4. у знач. прым. Вельмі адданы, верны чаму‑н.; заўзяты. Зацяты балельшчык. □ Барташэвіч злосна бліскаў на мяне вачыма, быццам я быў яго даўні і зацяты вораг. Сабаленка.

заця́ўкаць, ‑ае; зак.

Пачаць цяўкаць.

заця́цца, затнуся, затнешся, затнецца; затнёмся, затняцеся; пр. зацяўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Заўпарціцца, уперціся. [Янка] зацяўся як камень і маўчыць. Дамашэвіч. [Саўка] зацяўся і ўпарта адмаўляў, што бачыўся з паўстанцамі і гаварыў з імі. Колас.

2. Затаіць у сабе свае думкі, пачуцці. Зацяўся хлопец, сціснуў зубы, Каб сэрца болі заглушыць. Колас. // Затаіць злосць на каго‑н. З таго моманту, як у [Васілёва] сэрца запала падазронасць на Аўгінню.., ён зацяўся на яе. Колас.

заця́ць, затну, затнеш, затне; затнём, затняце; пр. зацяў, ‑ла, ‑ло; зак., што.

1. Заціснуць, сцяць. Зацяць зубы. Зацяць вусны. □ Маці будзіць жаць, Але сон зацяў твае павекі... Глебка. // перан. Затаіць у сабе, у душы. Відавочна было, што пытанне гэтае, аб якім з самага пачатку ўсе думалі, турбаваліся.., прымусіла цяпер усіх зацяць у душы балючы, трывожны сум. Быкаў. // перан. Прыпыніць, сцішыць, зрабіць нячутным (дыханне). Іван зацяў дыханне, стараючыся як найлепей пацэліць, і, трошкі не падпусціўшы сабаку да каменя, стрэліў. Быкаў.

2. Пазбавіць магчымасці дыхаць, гаварыць. Увайшоўшы ў бацькаў пакой, .. [Сашка] не выгаварыў ні слова, быццам паралюш зацяў яму мову. Чорны. / у безас. ужыв. Вада была такая халодная, што ў Ніны зацяло дыханне. Мележ. // безас. Разм. Адняць мову, голас. Бабы змоўклі адразу, як зацяло ім. Чорны.

•••

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) — нічога няма, няма чым заняцца. [Сярмяжка:] — Паглядзеў я, хлопча, што сумна табе, няма за што рукі зацяць. Дадзіёмаў.