запа́с, ‑у, м.
1. Тое, што назапашана; пэўная колькасць чаго‑н., прыгатаванага на будучае. Харчовыя запасы. Запасы на зіму. □ Велізарныя запасы хлеба былі звалены на станцыі. Лынькоў. Выходзяць запасы патронаў, Не стала ні кроплі вады. Бачыла.
2. звычайна мн. (запа́сы, ‑аў). Пэўная колькасць чаго‑н., якая ёсць у наяўнасці дзе‑н., у чыім‑н. распараджэнні. Запасы нафты. Запасы вільгаці ў глебе.
3. перан. Колькасць, аб’ём чыіх‑н. ведаў, здольнасцей, пачуццяў. Слоўнікавы запас вучня. Запас ведаў. □ У Макара знаходзяцца і трапныя словы і невычэрпны запас энергіі, выдумкі. Хромчанка.
4. Разм. Лішак тканіны за швом, які пакідаюць на выпадак, калі спатрэбіцца растачыць шво. Сукенка з запасам. // Увогуле лішак чаго‑н., перавышэнне нормы, меры і пад. Адзін з чырвонаармейцаў заўважыў, што катух не шчыльна прылягае да сцяны, паміж сцяной і катухом так каля паўаршына яшчэ запасу. Крапіва.
5. Катэгорыя грамадзян, якія стаяць на воінскім уліку і могуць быць выкарыстаны ў часе вайны. Афіцэр запасу. Перавесці ў запас.
•••
Загнаць запас гл. загнаць.
У запасе — назапашана; ёсць. Дзень у мяне быў у запасе і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны.
У запас; на запас — на ўсякі выпадак, на будучае. Шульц меў магчымасць гатаваць некаторую колькасць прадукцыі ў запас. Гартны.
запаса́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. запасаць — запасці.
запаса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да запасціся.
запаса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Тое, што і запасіць.
запа́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запасвіць.
запа́свіць, ‑пасу, ‑пасвіш, ‑пасвіць; зак.
1. каго. Прывучыць кароў да пашы пасля зімы.
2. што. Зарабіць пасьбою.
запа́сіцца, ‑сіцца; незак.
1. Збірацца ў запас. І ў кожнай былінцы пераліваліся сілы, бо тое, што запасілася з ранняй вясны, жнівень зрабіў жыватворнай сталасцю, якая поўніла зараз свет, натхняла на працу, клопаты і неўтаймаваную радасць. Радкевіч.
2. Зал. да запасіць.
запа́сіць, ‑пашу, ‑пасіш, ‑пасіць; незак., што.
Прыгатаўляць на будучае, рабіць запас. Усюды, дзе можна, трэба браць, запасіць на зіму, на год — у полі, у лесе, у балоце. Мележ.
запаску́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запаскудзіць.
2. у знач. прым. Забруджаны, запэцканы. Перамацваючы гэты запаскуджаны лахман, .. [Зося] заўважыла, што ў адным месцы як бы што зашыта пад падшэўку. Чорны.
запаску́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да запаскуджваць.