Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загнуць (у 1, 2 і 3 знач.).

загі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Паддацца знішчэнню, перастаць існаваць (звычайна пры якой‑н. катастрофе, няшчасці і пад.). У агні загінула ўся маёмасць. Пасевы загінулі ад засухі. □ Значная частка літаратурнай спадчыны Ф. Багушэвіча загінула. Шкраба. // Перастаць жыць, памерці насільнай смерцю. Загінуць смерцю героя. □ Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. Не судзі, доля, у прымах жыць і на чужой зямлі загінуць. З нар. // перан. Знікнуць, знішчыцца, прапасці. — Э! Ёсць чаго смуткаваць! — адзываецца першы Раманчык і заліхвацка махае рукою: — Знойдуцца людзі, а мой тут і след загіне і памяць пра мяне памрэ. Колас. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім — матчына каханне да сына, — усе іншыя радасці жыцця незваротна загінулі для яе. Мурашка.

•••

Загінуў, як рудая мыш — прапасці марна, нізашто.

загіпнатызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.

Прывесці ў стан гіпнозу.

загіпсава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

1. Налажыць гіпсавую павязку. Загіпсаваць руку.

2. Дабавіць, унесці гіпс у што‑н. Загіпсаваць глебу.

загла́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад загладзіць.

загла́джвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да загладзіцца.

2. Зал. да загладжваць.

загла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загладзіць.

загла́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Выраўнавацца, стаць гладкім. Складкі на сукенцы загладзіліся. Поўсць на кані загладзілася.

2. перан. Страціць вастрыню, стаць менш адчувальным. [Яніна:] Выдайце мяне за Лявона, і ўсё загладзіцца. Козел.

загла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Выраўнаваць, зрабіць гладкім. Загладзіць валасы рукой. Загладзіць зямлю лапатай.

2. перан. Змякчыць, зрабіць менш адчувальным. Загладзіць віну. □ Леўчыку здалося, што гэтымі словамі ён загладзіў крыху сваю памылку. Чарнышэвіч.

загле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і заглядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Пільна гледзячы на каго‑, што‑н., захапіцца, забыцца. Непрыкметна для сябе і Міця загледзеўся на гульню. Навуменка. Міша, які трапіў сюды ўпершыню, заглядзеўся на малады бор. Якімовіч.