заблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. У беспарадку пераплесціся, перавіцца, зблытацца (пра ніткі, валасы і пад.). Ніткі заблыталіся.
2. у чым. Аказацца аплеценым чым‑н., пазбаўленым магчымасці рухацца. Муха заблыталася ў павуцінні. □ Жоўты лісток з бярозы заблытаўся ў траве і вісеў у ёй. Чорны. Яська паправіў валасы на таткавай галаве, у іх заблытаўся дзядоўнік. Лынькоў.
3. перан.; у чым і без дап. Аказацца ў цяжкім становішчы з-за сваёй нявопытнасці, няўмеласці, памылкі і пад. — Нешта заблытаўся наш рахункавод, а я — няхай мне сорамна будзе прызнацца — таксама ў бухгалтэрыі не надта моцны. Брыль.
4. перан. Збіцца, страціць сувязь у думках, выказваннях і пад. Заблытацца ў разважаннях. □ Старшыня, які не чакаў такога павароту справы, заблытаўся і гаварыў, замест адказаў на пытанні Андрэя.., зусім іншае. Галавач.
5. перан. Стаць цяжкім для разумення, ускладніцца. Пытанне заблыталася.
6. Разм. Збіцца з дарогі, заблудзіць. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Карагу] крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. Горад вялікі, заблытацца ў ім не штука. Пянкрат.
заблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. У беспарадку пераплесці, перавіць, зблытаць (ніткі, валасы і пад.). Заблытаць ніткі. □ [Алесь] ледзь адвязаў вяроўку ад Патапчыкавага воза, заблытаў яе, потым доўга разблытваў. Чарнышэвіч.
2. перан. Увесці ў зман, збіць з толку. Коціцца плётка ад хаты да хаты, намотваецца ў кожнай хаце што-небудзь новае на яе. Расце клубок, павялічваецца, пагражае заблытаць .. Надзю. Галавач.
3. Зрабіць цяжкім для разумення, ускладніць. Заблытаць справу. // Дапусціць многа памылак, недакладнасцей. Заблытаць разлікі.
4. Разм. Уцягнуць каго‑н. у якую‑н. непрыемнага справу. Заблытаць у непрыемную гісторыю.
•••
Заблытаць сляды — змяніўшы напрамак руху, збіць са следу, прымусіць згубіць след. Каб заблытаць след,.. [Саша] крута павярнуў налева, міма руін. Новікаў.
заблы́тванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заблытваць — заблытаць.
заблы́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заблытацца.
2. Зал. да заблытваць.
заблы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заблытаць.
забля́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць блямкаць.
забляя́ць, ‑яе; зак.
Пачаць бляяць. // Прабляяць. Недзе зусім блізка забляяла авечка, потым закрычалі гусі. С. Александровіч.
забо́жкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць божкаць.
забо́й 1, ‑ю, м.
Канец горнай выпрацоўкі, штольні, дзе здабываюцца карысныя выкапні. Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак.
забо́й 2, ‑ю, м.
Забіванне, зарэз жывёлы для прамысловых мэт. Забой жывёлы.
забо́йнасць, ‑і, ж.
Спец. Сіла дзеяння (снарада, кулі). Забойнасць куль.