панапуха́ць, ‑ае; зак.
Напухнуць — пра ўсё, многае.
панапы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Напырскаць усюды, у многіх месцах. Панапырскваць вады на падлогу.
панапэ́цкваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Напэцкаць усюды, у многіх месцах.
панапяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Напячы многа чаго‑н. [Кадзя:] — Без хлеба ў лесе сядзім. І муку маем, а спячы няма дзе. Дык мы па сваіх людзях рашылі развезці і папрасіць, каб панапякалі. Сабаленка.
2. каго-што. Разм. Напячы крапівой, наджаліць усіх, многіх або ўсё, многае. Усіх [дзяцей] панапякаў-панаціраў [тата] жыгучкай, ды так, што жывога месца не засталося. Дубоўка.
панарабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., чаго.
1. Нарабіць, вырабіць вялікую колькасць чаго‑н.
2. і без дап. Разм. Учыніць многа чаго‑н. (звычайна непрыемнага, дрэннага).
панараві́цца, ‑нараўлюся, ‑наровішся, ‑наровіцца; зак.
Наравіцца некаторы час.
панара́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Каркас, аснова калёс. Скрыпяць калёсы, панарад іх дрыжыць, ляскае. Каваль. Пуда лішняга не кладзі на воз, бо .. колы лезуць і лезуць у пясок, бы на той свет, а воз асядае, пакуль зусім не ляжа на зямлю панарадам. Сачанка.
2. Калёсы без драбін. [Мікіта] выцягнуў панарады, палажыў на іх дошкі і стаў навальваць гной. Колас. У дварэ .. стаяў новы панарад, на якім быў ужо паложаны плуг. Гартны.
панараза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Нарэзаць многа чаго‑н. Панаразаць дроў.
2. што і чаго. Падзяліць шляхам межавання ўсё, многае або выдзеліць у час межавання вялікую колькасць чаго‑н. Панаразаць агароды.
3. што і чаго. Нарабіць нарэзаў, разьбы на ўсім, многім або зрабіць разьбой многа чаго‑н. Панаразаць балты. Панаразаць узораў.
4. што. Назубіць усё, многае. Панаразаць пілы.
5. што. Намуляць што‑н. у многіх месцах або ўсё, многае.
панара́ма, ‑ы, ж.
1. Від мясцовасці (звычайна з вышыні), якая цягнецца вельмі далёка. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас. Панарамы лясоў і балот, Краявіды імшыстых нізін... І на Захад, на Поўнач, на Усход — Я ды край мой — адзін на адзін. Таўбін. // перан. Агульны шырокі агляд, апісанне якіх‑н. падзей у жыцці, у мастацкім творы. Перад намі ж не асобны гістарычны эпізод, не адна якая-небудзь з’ява, а хада гадоў, панарама мноства падзей перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Перкін. З майстэрствам .. пададзена ў рамане К. Чорнага «Вялікі дзень» панарама мнагадзённых баёў за Брэсцкую крэпасць. Кудраўцаў.
2. Вялікая карціна з аб’ёмным першым планам, змешчаная ўнутры круглага будынка з верхнім асвятленнем. Севастопальская панарама.
3. Абсталяванне, пры дапамозе якога невялікія карціны здаюцца павялічанымі пры разглядзе праз аптычнае шкло.
4. Спец. Аптычная прылада для павелічэння дакладнасці наводкі гарматы. Было відаць, як хлопцы на хвіліну прыпыняліся, наводчык прыпадаў да панарамы, страляў, пасля ўсе пасоўваліся зноў далей. Карпюк.
[Ад грэч. pán — усё і hórama — відовішча.]
панара́мнасць, ‑і, ж.
Характар панарамы, падабенства з панарамай (у 1 знач.).