нату́ршчык, ‑а, м.
Чалавек, які пазіруе перад мастаком, скульптарам.
нату́рысты, ‑ая, ‑ае.
Наравісты, з норавам; упарты. Натурысты конь. □ [Харытон:] — Тугія ў Муравейніках людзі. Не тое, што ў Бродзе. Адным словам, натурыстыя. Баранавых. — Дзед Яўсей натурысты, — заўважыла жанчына, — не вельмі паддасца на ваты пагрозы. Пальчэўскі.
нату́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Наравіцца, упірацца. Конь натурыцца і не хоча ісці. Сачанка.
натушы́ць, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што і чаго.
Спец. Наварыць на малым агні ў закрытай пасудзіне. Натушыць мяса. Натушыць бульбы.
натхне́нне, ‑я, н.
1. Стан творчага ўздыму. [Буйскі:] — Я пішу.. толькі ў хвіліны выключнага творчага натхнення. Шамякін.
2. Душэўны ўздым, захапленне. [Ціма] спыняецца і з натхненнем гаворыць сябру: — Ведаеш, я як вырасту, буду даследчыкам... Пальчэўскі.
натхнёнасць, ‑і, ж.
Стан і ўласцівасць натхнёнага (у 2 знач.).
натхнёны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад натхніць.
2. у знач. прым. Поўны натхнення, прасякнуты натхненнем. У чыстых крыніцах натхнёнага слова, У песеннай трэлі, Для вечнасці, спетай баянам сурова, Жыве Руставелі. Колас. Радкоў натхнёных Залатыя гронкі На роднай мове Сам пераказаў. Хведаровіч. // Які выражае натхненне (у 2 знач.). Натхнёны погляд. □ Шыманскі зірнуў на натхнёны твар дзяўчыны, і сэрца звяла. Гурскі.
натхні́цель, ‑я, м.
Той, хто натхняе. Арганізатарам і натхніцелем савецкага народа на свяшчэнную вайну супроць нямецка-фашысцкіх акупантаў была выпрабаваная ў баях вялікая Камуністычная партыя. Пятніцкі. Народ быў для Купалы яго паэтычным натхніцелем і самым аўтарытэтным цаніцелем паэзіі. Івашын.