Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заме́ршчык, ‑а, м.

Той, хто робіць замеры.

заме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Займець намер; намерыцца. Замерыўся пайсці ў грыбы.

заме́с, ‑у, м.

Спец.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. замешваць — замясіць. Замес цеста. Замес бетону.

2. Тое, што замешана; маса, якая замешваецца ў адзін прыём. Адгрузіць гатовы замес. Даць восемсот замесаў за змену.

заме́ска, ‑і, ДМ ‑месцы; Р мн. ‑месак; ж.

Тое, што і замес.

заме́ст, прыназ. з Р.

Узамен каго‑, чаго‑н. На голых дрэвах, замест лісця, Паклалі шэрань маразы. Колас.

заме́ста, прыназ. з Р.

Разм. Тое, што і замест. Заместа багацця, пакоры — нянавісць знайшлі вы [ворагі] у нас. Машара.

заме́сці 1, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. замёў, ‑мяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Падмятаючы, сабраць у адно месца; змесці. Замесці смецце ў вугал. // Падмесці на скорую руку. Замесці падлогу.

2. Занесці, засыпаць (снегам, пяском і пад.). Замяла дарогу лютая зіма. Бядуля. / у безас. ужыв. — Нашу хату аднойчы перад вайной за адну ноч зусім замяло. Алешка.

•••

Замесці сляды (след) — знішчыць, утаіць тое, што можа быць доказам віны. Пажар учынілі самі паліцэйскія: раскраўшы і прапіўшы збожжа, яны хацелі замесці сляды свайго злачынства. Шамякін.

заме́сці 2, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. замёў, ‑мяла, ‑ло; зак.

Разм. Пачаць месці.

заме́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Знак, след, зроблены на чым‑н.; метка. Зрабіць заметку на дрэве.

2. Кароткае пісьмовае ці друкаванае паведамленне аб чым‑н. На стале ляжаў макет «баявога лістка», запоўненага невялічкімі заметкамі. Лобан.

•••

Браць (узяць) на заметку гл. браць.

На заметцы ў каго — на ўліку, пад наглядам. На заметцы ў царскіх улад быў прысяжны павераны Кліменцій Зан. Г. Кісялёў.

заме́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Такі, якога можна заўважыць, убачыць, распазнаць. Стала смутна ў хаце, Як бы з усіх куткоў і шчылін, З усіх чуць-чуць заметных звілін Сюды бяда панапаўзала. Колас.

заме́цены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад замесці.