зака́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Запэцкаць каплямі чаго‑н.; абкапаць. Закапаць сукенку чарнілам.
2. Ка́паючы, увесці куды‑н. (лякарства). Ідучы на работу, мама загадала мне: — Вова, у дванаццаць гадзін закапаеш Наташы вочы. Васілевіч.
зака́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць капаць.
закапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.
1. Паклаўшы ў паглыбленне, засыпаць, закідаць чым‑н. зверху. Асноўную сваю маёмасць перад ад’ездам у лес закапалі ў зямлю. Залескі. — А дзе ж вы падзелі грошы? — Закапалі, бацюшка, у стайні, каля другога стойла. Якімовіч.
2. перан. Разм. Паклёпамі, даносамі падвесці пад абвінавачванне. — Ах, паслугач панскі, глядзі ты — чалавека хацеў закапаць... Але вось сам няхай цяпер гэтага хлеба паспытае. Чарот.
3. Засыпаць, зараўнаваць што‑н. Закапаць яму. Закапаць роў.
зака́пванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. закапваць — зака́паць 1 (у 2 знач.).
зака́пвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да закапваць.
зака́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да закапаць 1.
закапёршчык, ‑а, м.
1. Рабочы, які кіруе забіўкай паляў у грунт пры дапамозе капра.
2. перан. Разм. Завадатар, верхавод. Па голасе Кастусь здагадаўся, што галоўным закапёршчыкам быў Балай. Прокша.
закапёршчыца, ‑ы, ж.
Жан. да закапёршчык (у 2 знач.).
закапры́зіць, ‑рыжу, ‑рызіш, ‑рызіць; зак.
Разм. Пачаць капрызіць.
закапры́знічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць капрызнічаць.
закапце́лы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты сажай; задымлены, закураны. Недалёка на сценцы мігае закапцелы чыгуначны ліхтар. Лынькоў. Закапцелы чайнік шумна Закіпае на цяпельцы. Зарыцкі.
закапце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Пакрыцца сажай; задыміцца, закурэць 1. У кацялку, які паспеў закапцець, булькоча вада. Лупсякоў. За зіму дошкі закапцелі, пацямнелі. Шамякін.