Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падабаро́нны, ‑ага, м.

Асоба, якая нясе адказнасць па суду і знаходзіцца пад абаронай адваката. Адвакат патрабаваў апраўдання свайго падабароннага. □ Чэрнік махнуў рукой сваім падабаронным і знік за дзвярыма судовай залы. Машара.

падаба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каму-чаму і без дап.

1. Выклікаць сімпатыю, добрыя пачуцці да сябе. Аўгінні падабалася Таня — рашучая, разважлівая, смелая. Новікаў. Усім падабаўся вясёлы, жвавы хлапчына Алешка. Якімовіч. // Выклікаць інтарэс у асоб іншага полу. Валя належала да таго тыпу дзяўчат, якія падабаліся гэтаму хлопцу. Чорны.

2. Быць прыемным, адказваць пэўным патрабаванням. А што асабліва падабалася Макарку, дык гэта шасейная дарога.. Як слаўна было прайсціся па гэтай дарозе! Колькі паваротак рабіла яна, пралёгшы між узгоркаў і сядзіб, перасекшы лясы і балоты! Колас. Рыце падабалася падарожжа на возе. Васілевіч. // безас. з інф. Любіць рабіць што‑н., атрымліваць задавальненне ад чаго‑н. Падабаецца дзяўчынцы паліваць кветнік. Пальчэўскі. [Страказе], відаць, падабалася сядзець на нагрэтай сонцам чароціне. Даніленка.

падаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм.

1. Сімпатызаваць каму‑н., любіць каго‑н. Карызна падабаў Рачкоўскага і сябраваў з ім. Зарэцкі.

2. Любіць што‑н., ужываць з прыемнасцю. Трэба такі сказаць, што дзед падабаў рыбу ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз. Лынькоў.

падабе́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Снеданне, часцей за ўсё другое, бліжэй к абеду.

падабе́нства, ‑а, н.

1. Наяўнасць агульных або падобных рыс; падобнасць у чым‑н. Знешняе падабенства. Падабенства біяграфій. Падабенства характараў. □ Ніякага падабенства не было ў гэтым мізэрным, страшэнна худым чалавеку да Элія Бакучава, якім памятаў яго Вісарыён. Самуйлёнак. Тацянка ў кожнай кветцы знаходзіла падабенства з кім-небудзь. Юрэвіч.

2. Нешта падобнае на што‑н., да чаго‑н., з чым‑н. Падабенства да невясёлай усмешкі схавалася ў яго [Сегеня] вусах. Чорны. Зрабіўшы з круглячкоў падабенства бінокля,.. [сувязны] уважліва аглядае ўяўныя пазіцыі ворага. Гарбук.

3. У геаметрыі — падобнасць фігур па форме пры розніцы ў велічыні. Падабенства трохвугольнікаў.

4. Падобнасць па асноўных адзнаках; блізкасць, абумоўленая агульнасцю паходжання. Відавочнае падабенства і несумненная блізкасць беларускай і ўкраінскай моў не ліквідуе.. цяжкасцей паэтычнага перакладу. Палітыка.

падабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Дабіць, прыкончыць раненых, недабітых.

2. Разбіць, дабіць канчаткова ўсё, многае.

падабра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падабраць.

падабра́цца, падбяруся, падбярэшся, падбярэцца; падбяромся, падберацеся; зак.

1. Аб’яднацца на аснове нейкіх падобных адзнак; утварыцца шляхам падбору. Падабраўся калектыў. Падабралася добрая бібліятэка. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі.

2. Падлезці пад што‑н. Сабака падняў галаву, прыслухаўся і пачаў пысай шукаць гаспадаровага твару. Але твару ён не знайшоў, не мог падабрацца галавой пад кажух. Галавач. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Караткевіч.

3. да каго-чаго і без дап. Непрыкметна наблізіцца, падкрасціся. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. Удваіх і падабрацца да чыгункі лягчэй і ўцячы можна непрыкметна. Новікаў.

4. перан. Разм. Дасягнуць нейкага пункта, узроўню. Хата падабралася пад вокны, і Птах употай цешыцца ёю. Навуменка.

5. Разм. З насцярогай напружыцца, сабрацца. Спачатку .. [Вера] не заўважыла Раміра, адчула толькі востры, пранізлівы позірк чужых вачэй. Уся падабралася. Асіпенка.

падабра́ць, падбяру, падбярэш, падбярэ; падбяром, падбераце; зак., каго-што.

1. Сабраць, падняць што‑н. з зямлі, падлогі. Падабраць рассыпаныя арэхі. □ Дзяўчынка борздзенька падабрала з зямлі букецік палявых кветак, жвава ўстала. Каршукоў. // Разм. Знайшоўшы, узяць з сабою. Падабраць раненых. □ Мы падабралі чалавека і занеслі ў партызанскі лагер. Сачанка. [Чарэнда:] — Жонку маю .. забіла асколкам, а дачка засталася жывая. Падабраў яе тады на шашы хтосьці з мясцовых. Чыгрынаў. // перан. Разм. Узяць да сябе (аб кім‑н. пакінутым). Падабраць бяздомнага ката. // Разм. Захапіўшы па дарозе, падвезці каго‑н. [Машына] падабрала Міколу і разам з іншымі раненымі перакінула ў клінічны гарадок. Якімовіч.

2. Схаваць пад што‑н. Падабраць валасы пад хустку. // Сагнуўшы, падцягнуць пад сябе (пра часткі цела). [Жанчына] зноў падабрала пад сябе ногі, зірнула на хлопца, які нават і не паварухнуўся, і ўздыхнула. Ракітны. Сабака падабраў хвост і кінуўся прэч пад павець. Лупсякоў.

3. Падмяць пад сябе, апынуўшыся наверсе. — Калясом пакаціліся — то я яго пад сябе падбяру, то .. [Сенька] наверх выкарабкаецца... Краўчанка.

4. Прыўзняць уверх. Падабраць спадніцу. □ Франя агледзелася, ці бачыць хто яе, падабрала ў руку падол сарафана. Лось.

5. Адабраць, стварыць шляхам падбору. Падабраць брыгаду. □ З мясцовай моладзі .. [Палякаў і Любімаў] падабралі сабе добрых памочнікаў і пачалі праходку ствалоў. Кулакоўскі. // Адбіраючы, выбраць нешта патрэбнае, адпаведнае. Падабраць ключ. Падабраць пасаду. □ Бяроза доўга не магла падабраць слоў, каб дайсці да галоўнага, да таго, што здарылася з імі ў дарозе. Няхай. Ужо трэба было ісці, а Ніна плацця не магла падабраць. Лобан. [Каціны] лыжы .. [старшына] забракаваў. Падабраў другія, лёгкія, праверыў мацаванне. Алешка. // Размясціць у пэўным парадку па якой‑н. агульнай прыкмеце. Падабраць карты па масці. Падабраць ніткі па ўзору. // Адбіраючы для пэўнай мэты, сабраць неабходнае. Падабраць цытаты. □ Аляксей разам з Верай схадзіў у бібліятэку, памог ёй падабраць кнігі і з ёй пайшоў на Зарадзвінне. Гаўрылкін. // Выбраць зручны момант, час. Размова ішла так, што самы раз было сказаць тое, што .. [Андрэй] павінен быў сказаць.. Лепшага выпадку не падбярэш. Арабей. [Стары:] — Я табе, Тамаш, скажу ў вочы, — не мог ты, ліха табе, падабраць іншага якога, святочнага, скажам, дня, а то напалі моду адрываць людзей ад работы. Чорны.

6. Падшукаць, знайсці правільнае або патрэбнае музычнае выражэнне. [Лена:] — От зайграла я на баяне. А Барыска пачуў песню і просіць: «Дай, мамачка, зайграць...» І што ж вы думаеце?.. Падабраў адразу мелодыю. Кірэенка. Поля, у якой быў магнітафон, прапанавала падабраць музыку і зрабіць тэкст да кінафільма. Шыловіч.

7. Разм. Сабраць усё, усіх; сабраць усе рэшткі. [Шутаў] падабраў усе рэзервы, усе дапаможныя падраздзяленні і ўмацаваў батальёны. Мележ. Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

8. перан. Разм. Узяць пад сваю ўладу; захапіць. [Сідаровіч:] — Вядома, ёсць за каго [Данілу] заступацца. Гэтакую гаспадарку пад сябе падабраў... Чарнышэвіч.

•••

І крошкі падабраць — быць вельмі падобным на каго‑н. з бацькоў або родных.

падабрэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў, зрабіўся добрым, дабрэйшым. — Сёння вечарам прыходзь на Высмал! — буркнуў падабрэлы Сцяпан. Карпюк. [Салавей] памаўчаў і абвёў усіх стомленымі падабрэлымі вачамі. Грахоўскі.