Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

закантракто́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да закантрактавацца.

2. Зал. да закантрактоўваць.

закантракто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да закантрактаваць.

закану́рак, ‑рка, м.

Разм. Цеснае памяшканне, цёмны куток. «Ах, вось яно што! — здагадваюся я. — Прадалі дом, а купілі заканурак, каб з яго ў дармавую кватэру ўлезці?» Ракітны. // перан. Глухое, патайное або аддаленае месца. Абышлі ўсе закануркі паблізу вёскі — можа дзе да часу зладзеі кінулі коп[ей]. Крапіва.

заканфу́зіцца, ‑фужуся, ‑фузішся, ‑фузіцца; зак.

Разм. Пачаць канфузіцца.

зака́нчвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да закончыцца.

2. чым. Мець сваім канцом, на сваім канцы што‑н. Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора.. і заканчвалася маяком. Самуйлёнак.

3. Зал. да заканчваць.

зака́нчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да закончыць.

заканчэ́нне, ‑я, н.

1. Давядзенне да канца, завяршэнне чаго‑н. Пасля заканчэння дзесяцігодкі Ніна паступіла ў медінстытут. Шахавец. Гэта нічога, што заканчэнне дома адклалася. Чорны. // Надыход канца, сканчэнне (пра час, тэрмін). Заканчэнне тэрміну дагавору.

2. Заключная частка, канец чаго‑н. Заканчэнне рамана ў наступным нумары часопіса.

зака́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць канькаць.

закапа́ны і зако́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад закапаць.

•••

Вось (вот) дзе сабака закапаны гл. сабака.

зака́пацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Запэцкаць сябе каплямі чаго‑н.; абкапацца. Закапацца фарбай.

закапа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.

1. Схавацца, змясціўшыся ў выкапанае паглыбленне або засыпаўшы сябе чым‑н. зверху. Закапацца ў салому. Закапацца ў снег. // перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе, рабоце. З галавой закапаўся ў канспекты і падручнікі. □ І наш Варлен.. За навуковую работу ўзяўся: Даведнікаў за сотню перарыў, У кнігі з галавою закапаўся. Маеўскі.

2. перан. Разм. Маючы многа якой‑н. работы, не паспець яе своечасова выканаць. [Насці] хацелася пагаварыць, але Кузьме не было часу, бо ён закапаўся ў сваёй рабоце. Колас.