патрабава́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць патрабавальнага. Патрабавальнасць да людзей і гаспадарлівая натура склаліся ў Дарафея Іванавіча таму, што ён рана пачаў працаваць у калгасе. Дуброўскі. Да друкаванага слова К. Чорны адносіўся з вялікай пашанай, а таму і з высокай патрабавальнасцю. Літаратар не можа, не мае права быць абыякавым да таго, што выходзіць з-пад яго пяра. Кудраўцаў.
патрабава́льнік, ‑а, м.
Чалавек, які прад’яўляе якое‑н. афіцыйнае патрабаванне.
патрабава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Настойлівы ў сваіх патрабаваннях. Патрабавальны загадчык. Патрабавальны настаўнік. □ Жадаючы з першага дня паказаць сябе патрабавальным начальнікам, .. [Сцяпан] сурова спытаў, чаму памяшканне дагэтуль не атынкавана. Шамякін. Зусім не пакрыўдзіўся Жэня на Дыбу — чалавека справядлівага і патрабавальнага. Гроднеў. Шафранскага я толькі адзін раз бачыў у вочы, на выпускным вечары, але чуў, што гэта чалавек нязломны, суровы і патрабавальны, што ён вельмі не любіць хлусоў і манюк. Сабаленка. // У якім адчуваецца патрабаванне. Стой! — патрабавальны голас спыніў Яўсея. Паўлаў. Сярод ночы раздаецца асцярожны, але патрабавальны стук у акно. Пінчук.
2. З высокімі запатрабаваннямі. Патрабавальны чытач. // Які патрабуе да сябе ўвагі, асаблівых умоў; капрызны. Грэчка — параўнальна цеплалюбівая расліна; асабліва патрабавальная яна да цяпла ў першыя фазы развіцця. «Весці».
патрабава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. патрабаваць.
2. Просьба, жаданне, выказаныя ў катэгарычнай форме. — Адчыніце! — патрабаванне паўтарылася ўжо голасам больш настойлівым. Галавач. // Загад зрабіць што‑н. — Добры дзень, — сказаў .. [Карніцкі] пасля пэўнай паўзы Шынкевічу такім тонам, у якім выразна чулася патрабаванне назваць сябе. Паслядовіч.
3. Афіцыйны дакумент з просьбай выдаць што‑н. або накіраваць каго‑н. у чыё‑н. распараджэнне. Неўзабаве.. ў кантору да нас зайшоў чалавек у паношанай брызентавай спяцоўцы і падаў Собічу патрабаванне на кісларод. Скрыган.
4. звычайна мн. (патрабава́нні, ‑яў). Норма, умовы, якім хто або што‑н. павінны адпавядаць. [Вагуцкі:] — Вы ведаеце мае патрабаванні да кожнага рабочага і яго работы. Яны застаюцца нязменнымі: працаваць на выдатна. Лынькоў. // Правілы, нормы паводзін, абумоўленыя чым‑н. Патрабаванні моды. Патрабаванні ветлівасці.
патрабава́цца, ‑буецца; незак.
1. Быць патрэбным, неабходным. Сям’я ў яго была невялікая, іншы раз летам, у часе сенакосу і жніва, патрабавалася работнікі, але Мікалай нікога не паймаў. Чарнышэвіч. // безас. Патрэбна, неабходна. Многа патрабавалася ўмення на тое, каб кожная група была занята і не сядзела без работы. Колас. Вялікай навукі вязаць снапы не патрабавалася. Пальчэўскі.
2. Зал. да патрабаваць (у 1, 2, 3 знач.).
патрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.
1. каго-што, чаго, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Прасіць у катэгарычнай форме, дамагацца чаго‑н. З размовы можна было здагадацца, што дзед патрабаваў нейкую даведку аб старасці. Якімовіч. Кожны прасіў, патрабаваў вырашыць яго справу ў першую чаргу. Асіпенка. Між іншым Андрэй катэгарычна патрабаваў, каб ішлі ў калгас, што вельмі радавала і цешыла падлетка Мікіту. Колас. // Прад’яўляць да каго‑, чаго‑н. якія‑н. патрабаванні. Патрабаваць ад вучняў дысцыпліны. □ Цімафей Міронавіч выйшаў з хаты з пакорнай слухмянасцю чалавека, які з мілай ахвотаю зробіць усё, што ад яго патрабуюць. Зарэцкі.
2. чаго, са злучн. «каб» і з інф. Абавязваць, прымушаць да чаго‑н. Маці з бабулькай не шкадавалі грошай, і Марынка заўсёды апраналася так, як патрабавала самая апошняя мода. Шыцік. Упаўнаважаны цэнтра Каралькоў патрабуе, каб слухаліся толькі яго. Юрэвіч. Наш доўг быў ісці, прабівацца да роднай зямлі, а доўг салдацкай дружбы патрабаваў ад мяне несці параненага сябра. Шамякін.
3. каго. Прапаноўваць, загадваць з’явіцца куды-н; выклікаць. Равінскі нервова круціў ручку насценнага тэлефона і патрабаваў начальніка чыгуначнай ЧК. Грахоўскі.
4. чаго. Мець патрэбу ў чым‑н. Многае было забыта за гэтыя гады, а многае патрабавала перагляду. Хадкевіч. Натруджанае працай цела патрабавала добрага адпачынку. Машара.
патра́ва, ‑ы, ж.
1. Знішчэнне, псаванне травы, пасеваў і пад. жывёлай. [Павал:] — Вы думаеце, калі я не ўспеў прыбраць усяго свайго аўса, калі я трохі запазніўся з аўсом, дык думаеце, я так і пакінуў на патраву вашым коням, каб вы іх павывалаквалі!? Чорны.
2. Абл. Страва, яда. Незайздросная патрава: Бульба ды куцейка. Колас.
патраві́ць, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.
Знішчыць, папсаваць траву, пасевы і пад.; зрабіць патраву. А застануцца там два шнуркі дзядзькавай сенажаці, дык іх патравяць, патопчуць коні. Колас. Не прайшло двух тыдняў, як Ліпніцкі прыляцеў у Сячанку сварыцца, што вясковыя коні атаву патравілі ля рэчкі. Чарот. За тыя дні я патравіў каровамі многа пасеваў, нарабіў не раз шкоды. Дамашэвіч.
патрае́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. патроіць і стан паводле знач. дзеясл. патроіцца.
патраі́ць, ‑траю, ‑троіш, ‑троіць; зак., што.
Спец. Тройчы ўзараць. Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Патраіў і папар пад жыта. Колас.