патрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.
1. каго-што, чаго, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Прасіць у катэгарычнай форме, дамагацца чаго‑н. З размовы можна было здагадацца, што дзед патрабаваў нейкую даведку аб старасці. Якімовіч. Кожны прасіў, патрабаваў вырашыць яго справу ў першую чаргу. Асіпенка. Між іншым Андрэй катэгарычна патрабаваў, каб ішлі ў калгас, што вельмі радавала і цешыла падлетка Мікіту. Колас. // Прад’яўляць да каго‑, чаго‑н. якія‑н. патрабаванні. Патрабаваць ад вучняў дысцыпліны. □ Цімафей Міронавіч выйшаў з хаты з пакорнай слухмянасцю чалавека, які з мілай ахвотаю зробіць усё, што ад яго патрабуюць. Зарэцкі.
2. чаго, са злучн. «каб» і з інф. Абавязваць, прымушаць да чаго‑н. Маці з бабулькай не шкадавалі грошай, і Марынка заўсёды апраналася так, як патрабавала самая апошняя мода. Шыцік. Упаўнаважаны цэнтра Каралькоў патрабуе, каб слухаліся толькі яго. Юрэвіч. Наш доўг быў ісці, прабівацца да роднай зямлі, а доўг салдацкай дружбы патрабаваў ад мяне несці параненага сябра. Шамякін.
3. каго. Прапаноўваць, загадваць з’явіцца куды-н; выклікаць. Равінскі нервова круціў ручку насценнага тэлефона і патрабаваў начальніка чыгуначнай ЧК. Грахоўскі.
4. чаго. Мець патрэбу ў чым‑н. Многае было забыта за гэтыя гады, а многае патрабавала перагляду. Хадкевіч. Натруджанае працай цела патрабавала добрага адпачынку. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)