задрапіро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да задрапіраваць.
задратава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад задратаваць.
задратава́цца, ‑туецца; зак.
Параніць нагу, зачапіўшы яе на хаду падковай другой нагі. Конь задратаваўся.
задратава́ць, ‑туе; зак., што.
Параніць нагу, зачапіўшы на хаду падковай другой нагі (пра каня).
задра́цца 1, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; пр. задраўся, ‑лася; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падняцца ўгору. [Плывец] бухнуўся галавою ў ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору. Колас. — Уй, — закрычыць, быццам ад страху, Аўдуля, а ў душы рада, смяецца, носік той кірпаты задзярэцца, вочкі прыжмурацца. Ермаловіч. // Загнуўшыся, падняцца ўверх (пра вопратку). Плацце задралася. // Адарваўшыся, загнуцца ўгору; залупіцца (у 1 знач.). Кара на ліпе задралася.
2. Разм. Загаліцца, падняўшы плацце, спадніцу.
3. Павесці сябе задзірыста. Сымон адчувае сябе ніякава. Задраўся тады крыху, як былі ў Івана. Сташэўскі.
задра́цца 2, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; пр. задраўся, ‑дралася; зак.
Пачаць драцца (у 4 знач.).
задра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.
1. Падняць угору. Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад. Маўр. // Загнуўшы, падняць уверх (пра адзенне). Зусім нечакана для «высокага суда» Рыгор задраў кашулю і павярнуўся спіной да стала. Бажко. Чалавек задраў калашыны вышэй калень і пачаў грэць валасатыя ногі. Лобан.
2. Адарваўшы, загнуць канцом у адваротны бок. Задраць скуру на пальцы.
3. Забіць, разарваць (пра драпежніка). Каршун задраў курыцу. □ Яшчэ пазаўчора .. [воўк] задраў па той бок лесу на выгане кабылу. Чорны.
•••
Задраць ногі — а) упасці, не ўтрымаўшыся на нагах. Купрыян.. быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі.. і перакуліўся. Чарот; б) памерці, здохнуць (звычайна пра жывёлу). Падкорміць [Халімон] парсючка, толькі б.. прадаць, рубель на патрэбу выручыць, а гэты парсюк ногі задзярэ. Чарнышэвіч.
Задраць нос (галаву) — зазнацца, заганарыцца.
за́друга, ‑і, ДМ ‑друзе, ж.
1. Гіст. Патрыярхальная сямейная абшчына ў паўднёвых славян.
2. Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў у Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспубліцы Югаславіі.
задрыгаце́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; зак.
Пачаць дрыгацець.
задры́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць дрыгаць. // Дрыгнуць некалькі разоў запар. Плужок задрыгаў, але Міхась ужо моцна трымаў яго ў руках, накіроўваючы на самую сярэдзіну. Якімовіч.
задрыжа́ць і задрыжэ́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
Пачаць дрыжаць, дрыжэць. // Стварыць дрыжачы гук. Ад першага гарматнага выбуху задрыжалі ў вокнах шыбы, жаласна дзінькнулі шклянкі ў шафе. Васілевіч. // Затрэсціся. Губы ў Магдалены задрыжэлі, і яна прыпала сваім ілбом да Ганнінага ілба. Чорны.
•••
Рука не задрыжыць гл. рука.