Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загаці́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак., што.

1. Разм. Палажыць гаць, пакрыць гаццю (для праходу, праезду). Загаціць балота.

2. Разм. Перагарадзіць плацінай; запрудзіць. — Загаціць, — кажуць далей, — трэба рэчку, Каб возера было, каб быў і млын. Купала.

3. Абл. Запоўніць цалкам якую‑н. прастору, праход і пад. — Ну і насіласавалі, няўрокам кажучы, яму, усе чатыры секцыі вежы, і каб яшчэ была адна яма, то і яе б загацілі. Ермаловіч.

4. перан. Затраціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.

зага́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад загаціць.

зага́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да загачваць.

зага́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загаціць.

зага́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад загасі́ць.

за́гваздка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Спецыяльны шпень, які ўстаўляецца ў дзірку калёснай восі, каб не спадалі колы. Згубіць загваздку. □ Не праехаў я і вярсты, як з восі выскачыла загваздка, кола скацілася, і конь стаў. Скрыпка. // Такое прыстасаванне для замацавання якой‑н. дэталі.

2. перан. Перашкода, замінка. А ў гэтым якраз і загваздка. Сілы ў руках — хоць адбаўляй, а спрыту да працы аніякага. Пянкрат.

загво́здка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Тое, што і загваздка (у 2 знач.). Лепш зрабіць усё самому, — Так надзейней, спакайней. Але як? Вось дзе загвоздка! Колас.

загергета́ць, ‑гечу, ‑гечаш, ‑геча; зак.

Разм. Пачаць гергетаць.

загерметызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.

Спец. Зрабіць герметызацыю чаго‑н.

загі́б, ‑у, м.

1. Адхіленне або паварот убок. Загіб ракі. □ Лагодным загібам павярнула направа .. пясчаная дарога. Пестрак.

2. перан. Адхіленне ад правільнай лініі паводзін, дзейнасці. Левы загіб. □ — Памылачка правага характару, дый загіб з заскокам у вас. Гурскі.

3. Загнутае месца. У загібах .. [пілоткі] — дзве іголкі: адна з чорнай ніткай, другая з белай. Карпюк.