забракава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад забракаваць.
забракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
Прызнаць непрыгодным, недабраякасным. Забракаваць праект. □ Патраўка была нецікавая. Госць і гаспадар пабоўталі трохі лыжкамі і забракавалі яе. Колас. — Ну, а калі ў армію не возьмуць? — Як гэта не возьмуць? — здзівіўся Сцяпан. — Ну, забракуюць. Па здароўю. Дадзіёмаў.
забрако́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да забракоўваць.
забрако́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да забракаваць.
забра́ла, ‑а, н.
Частка шлема, якой прыкрываецца твар, каб засцерагчыся ад удараў. Здаецца, зараз з цаглянай вежы вылезе рыцар і скажа: — Стой! На твар забрала апусціць нізка. А. Вольскі.
•••
З адкрытым (паднятым) забралам — адкрыта, не ўтойваючы сваіх сапраўдных намераў.
забранірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
Засцерагчыся, агарадзіцца бранёй (у 2 знач.).
забрані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Замацаваць каго‑, што‑н. за кім‑, чым‑н. Забраніраваць нумар у гасцініцы. □ Іван Якаўлеў мог не ісці на фронт: яго, вопытнага токара, забраніравалі для работы на заводзе. «Беларусь».
забранірава́ць, ‑ру́ю, ‑ру́еш, ‑ру́е; зак., каго-што.
Пакрыць бранёй (у 2 знач.). Забраніраваць карабель.
забраха́ць, ‑брашу, ‑брэшаш, ‑брэша; зак.
Пачаць брахаць. // Брахнуць некалькі разоў запар, азвацца брэхам. Недзе забрэша сабака, азавецца другі на гэты халаднаваты брэх — і сціхне, залезшы ў будку. Скрыган.
забра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.
1. Залезці куды‑н. (унутр, углыб чаго‑н., пад што ці на што‑н.). Забрацца ў кузаў машыны. Забрацца пад коўдру. Забрацца на вяршыню гары. □ Барсук вярнуўся з палявання. І толькі ў кару сваю забраўся ён, Як тут жа куляй выкаціўся вон... Корбан. Міколка забраўся спаць на свой тапчан. Лынькоў. // Употай прабрацца куды‑н. Аднойчы адвячоркам летнім забраўся [Юрась] у Цітавы агуркі. Маеўскі. // Пранікнуць (пра холад, вецер і пад.). З завеяю ліхой Забярэцца ў дом мароз, Прабярэ цябе наскрозь. Танк.
2. Зайсці, заехаць куды‑н. далёка. Забрацца на край свету. □ Маці тупала ля печы — рыхтавала снеданне. Раз’ехаліся, разляцеліся яе дзеці. Адна з.. дачок.. аж на Сахалін забралася. Даніленка.
3. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. на доўгі час. Забраўся на цэлы дзень у бібліятэку.