падма́нванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падманваць.
падма́нвацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Дражніцца, узбуджаючы чыю‑н. цікаўнасць. Торба чамусьці вельмі ж поўная, і тата падманваецца, не хоча яе развязваць. Алесь злуецца, пачынае хныкаць. Брыль.
падма́нвацца 2, ‑аецца; незак.
Зал. да падманваць.
падма́нваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падмануць (у 1, 2 знач.).
падманда́тны, ‑ая, ‑ае.
Які кіруецца іншай дзяржавай паводле мандата міжнароднай арганізацыі. Падмандатная тэрыторыя.
падма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн., ‑нак; ж.
1. Тое, што і прынада. [Пушкарэвіч:] Паложыш падманку — як без атруты, то [ліса] з’есць, а як з атрутай, дык нават і ў той бок не глядзіць. Гурскі.
2. Састаўная частка назваў некаторых мінералаў, якія маюць характэрныя прыметы металаў, але не з’яўляюцца металічнымі рудамі. Смаляная падманка. Цынкавая падманка. Рагавая падманка.
падма́нлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць падманлівага. Неяк ноччу прайшоў дождж, і ранкам яблыня, здавалася, акрыяла, ажыла. Толькі гэта было падманлівасцю, часовым узбуджэнне. М. Ткачоў.
падма́нлівы, ‑ая, ‑ае.
Які тоіць у сабе падман, служыць асновай для няправільнага меркавання; падманны. Чорныя распушаныя вусы надаюць.. шырокаму твару [Мальчэўскага] сярдзіты, нават злосны выгляд. Але ўсе ў дэпо ведаюць, што выгляд гэты падманлівы. Васілёнак. Хто быў на фронце — ніколі не забудзе падманлівую цішыню перад боем. «Звязда».
падма́нны, ‑ая, ‑ае.
Які ўводзіць у зман; падманлівы. Падманны рух. □ [Радыст:] — Я вымушаны быў звярнуць у другі бок, каб навесці.. [немцаў] па падманны след. Паслядовіч. Баласпай асадзіў кабылу. Па почырку арлінага лёту ён здагадаўся, што звер сумеў ашукаць птушку. Воўк ці хутчэй за ўсё ліса зрабіла падманную стойку. Беразняк.
падма́нуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падмануць.
падману́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго і без дап.
1. Наўмысна сказаўшы няпраўду, увесці ў зман каго‑н. Завода па-ранейшаму не было.. «Адно з двух, — падумаў Васіль, — ці той сустрэчны [чалавек] падмануў мяне, ці сам ён, пэўна, не ведаў, дзе трактарны завод». Кулакоўскі.
2. Не выканаць абяцання, не апраўдаць чыіх‑н. спадзяванняў; падвесці, ашукаць. — А ты, капітан, не трывожся, — пачаў супакойваць.. [салдат]. — Раз абяцалі твае, што прышлюць каго-небудзь, значыць не падмануць. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім.. на зайздрасць. Мележ.
3. Разм. Салгаць, абмануць. — А дзе ж твая, сынку, шапка? — раптам запытаўся ў мяне бацька.. Што мне было адказаць бацьку? Падмануць, сказаць, што згубіў? Якімовіч.