падману́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго і без дап.

1. Наўмысна сказаўшы няпраўду, увесці ў зман каго‑н. Завода па-ранейшаму не было.. «Адно з двух, — падумаў Васіль, — ці той сустрэчны [чалавек] падмануў мяне, ці сам ён, пэўна, не ведаў, дзе трактарны завод». Кулакоўскі.

2. Не выканаць абяцання, не апраўдаць чыіх‑н. спадзяванняў; падвесці, ашукаць. — А ты, капітан, не трывожся, — пачаў супакойваць.. [салдат]. — Раз абяцалі твае, што прышлюць каго-небудзь, значыць не падмануць. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім.. на зайздрасць. Мележ.

3. Разм. Салгаць, абмануць. — А дзе ж твая, сынку, шапка? — раптам запытаўся ў мяне бацька.. Што мне было адказаць бацьку? Падмануць, сказаць, што згубіў? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)