паглушэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць, зрабіцца больш глухім (у 1–3 знач.). На хвіліну здалося, што наступіла цішыня, што ўсё замерла, і нібы стукат тракаў паглушэў. Мележ. Неўзаметку арэшнік скончыўся, і хлапчук апынуўся ў густым маладым ельніку. Тут дарога паглушэла яшчэ больш. Вышынскі.
паглыбе́ць, ‑ее; зак.
Стаць, зрабіцца глыбейшым. Рака паглыбела. Разыходжанні паглыбелі. □ Неба над горадам ачысцілася, пацямнела, паглыбела. Галавач. Густыя, пасівелыя бровы.. [Антанюка] сышліся над пераносіцай, паглыбелі зморшчынкі пад вачамі і каля рота. Шамякін.
паглы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш глыбокім. Каляіны паглыбіліся. □ На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй. Пестрак.
2. Пранікнуць у глыб чаго‑н., урэзацца ў што‑н. І вось вастрыё разца паглыбілася ў метал. «Звязда».
3. Прасунуцца, прайсці, праехаць і пад. куды‑н. углыб. Паглыбіцца ў цясніну. □ Непрыкметна для сябе Тамара збілася з дарогі і паглыбілася ў лес. Васілевіч. // перан. Пачаць глыбока займацца чым‑н. Паглыбіцца ў калгасныя справы. □ Турсевіч яшчэ болей паглыбіўся ў падрыхтоўку да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Колас. // перан. Засяродзіцца на чым‑н. Ракуцька паглыбіўся ў свае думкі і сцішыўся. Чорны.
4. Стаць, зрабіцца больш значным, сур’ёзным. Супярэчнасці паглыбіліся. □ У «Юнацкім свеце» паглыбіўся і заззяў новым святлом вобраз лірычнага героя паэзіі Куляшова. Бярозкін.
паглы́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.
1. Зрабіць больш глыбокім. Паглыбіць сажалку. □ Геня раскапаў дно адной лужынкі, паглыбіў яго. Якімовіч.
2. Змясціць глыбей, урэзаць у што‑н. Паглыбіць разец у метал.
3. Накіраваць рух у глыбіню чаго‑н. // перан. Пашырыць, зрабіць больш грунтоўным, сур’ёзным, глыбокім. Паглыбіць свае веды. □ [Лабановіч:] — Тваю думку аб бярозах я хацеў бы пашырыць і паглыбіць. Колас. // перан. Зрабіць больш тонкім, глыбокім; узмацніць (пра пачуцці і пад.).
паглы́бленасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан паглыбленага (у 2, 3 знач.).
паглыбле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паглыбляць — паглыбіць.
2. Тое, што і паглыбленасць. На твары.. [хлопца] напісалася абыякавасць і паглыбленне ва ўласныя думкі. Чорны.
3. Паглыбленае месца на якой‑н. паверхні. На паверхні скалы вада ў гарачай крыніцы ўтварыла паглыбленне, якое мае форму самага сапраўднага катла. Матрунёнак.
паглы́блены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад паглыбіць.
2. перан.; у знач. прым. Грунтоўны, сур’ёзны. Паглыблены псіхалагічны аналіз.
3. перан.; у знач. прым. Засяроджаны на чым‑н., заняты чым‑н. [Саладуха] утароплівае позірк на Пыльца, і ў вачах яго скачуць вясёлыя чорцікі. Гэта заўважае нават узрушаны .. і паглыблены ў свае думкі Адам Лаўрэнавіч. Шамякін.
паглыбля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да паглыбіцца.
2. Зал. да паглыбляць.
паглыбля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да паглыбіць.
паглы́бнік, ‑а, м.
Спец. Прыстасаванне для паглыблення ворыва.