паглы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш глыбокім. Каляіны паглыбіліся. □ На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй. Пестрак.
2. Пранікнуць у глыб чаго‑н., урэзацца ў што‑н. І вось вастрыё разца паглыбілася ў метал. «Звязда».
3. Прасунуцца, прайсці, праехаць і пад. куды‑н. углыб. Паглыбіцца ў цясніну. □ Непрыкметна для сябе Тамара збілася з дарогі і паглыбілася ў лес. Васілевіч. // перан. Пачаць глыбока займацца чым‑н. Паглыбіцца ў калгасныя справы. □ Турсевіч яшчэ болей паглыбіўся ў падрыхтоўку да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Колас. // перан. Засяродзіцца на чым‑н. Ракуцька паглыбіўся ў свае думкі і сцішыўся. Чорны.
4. Стаць, зрабіцца больш значным, сур’ёзным. Супярэчнасці паглыбіліся. □ У «Юнацкім свеце» паглыбіўся і заззяў новым святлом вобраз лірычнага героя паэзіі Куляшова. Бярозкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)