Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зацяга́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацягаць.

2. у знач. прым. Змучаны працяглай цяжкай працай. Сяляне галоднай Хеўсурэтыі.. скакалі па вуліцах Тбілісі на зацяганых плячах. Самуйлёнак.

3. у знач. прым. Пашарпаны, заношаны. Увесь потны, у зацяганым сінім плашчы і кірзавых ботах, .. [Ігнат Апанасавіч] вяртаўся з калектыўнага саду. Паслядовіч. // перан. Апошлены, збіты. Зацяганы выраз. Зацяганыя словы.

зацяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Замарыцца ад доўгай хады; захадзіцца. Якаў адчуў, што дарэшты зацягаўся: не насілі ногі. Чарнышэвіч.

2. Пашарпацца, занасіцца ад працяглага выкарыстання. Вопратка зацягалася.

зацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Змучыць, стаміць, водзячы з месца на месца або прымушаючы прыходзіць куды‑н. — Праз цябе яны і мяне зацягалі па допытах. Крапіва.

2. Занасіць, пашарпаць пры працяглым выкарыстанні. Зацягаць адзежу. // перан. Часта карыстаючыся, апошліць, зрабіць збітым, трывіяльным. Песня, якую не зацягала, не затаптала казарма, народная песня, якая вышэй за ўсе войны, — гучыць пераможным маршам. Брыль.

заця́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. зацягваць ​1 — зацягнуць ​1 (у 3, 4,6, 9 знач.).

заця́гвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зацягнуцца.

2. Зал. да зацягваць.

заця́гваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зацягнуць ​1.

заця́гваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зацягнуць ​2.

заця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зацягнуць ​1.

зацягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уцягнуцца ў сярэдзіну, унутр чаго‑н. Нітка лёгка зацягнулася ў іголку.

2. Глыбока ўдыхнуць у сябе дым пры курэнні. [Кавалёў] дастаў партабак і ў тоўстых пальцах згарнуў тонкую, як запалка, цыгарку, прыпаліў яе і зацягнуўся. Чарнышэвіч. Пратасевіч з прыемнасцю закурыў папяросу, на поўныя грудзі зацягнуўся дымам. Васілевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); чым. Пакрыцца тонкім слоем чаго‑н. На грэблі праламалі калёсамі плыткую лужыну, якая паспела ўжо зацягнуцца трохі лёдам. Чорны. Шкельца гадзінніка запацела ад вільгаці, зацягнулася туманнай, як бяльмо, плёнкаю. Капыловіч. // Загаіцца, зажыць (пра рану). // Завалачыся (дымам, туманам і пад.). І хоць раніцаю неба зацягнулася хмарамі, але па ўсім адчувалася, што дажджу больш не будзе. Шахавец. Зноў замжэў ціхі веснавы дождж, зацягнуўся сіняватаю смугою далягляд. Грахоўскі.

4. Туга завязацца, сцягнуцца. Пятля зацягнулася. Вузел зацягнуўся. Зашмарга туга зацягнулася. // Зацягнуць сябе чым‑н.; перацягнуць. Зацягнуцца рэменем. Зацягнуцца ў гарсэт. □ Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Во занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць часу больш, чым меркавалася. Канцэрт зацягнуўся — праграма была вялікая. Шамякін. Восень у гэтым годзе зацягнулася, лістапад быў позні. Карпаў. // Працягнуцца да пэўнага часу. Да позняга вечара зацягнулася народнае гулянне на беразе возера. В. Вольскі. Сход зацягнуўся аж да трэціх пеўняў. Сабаленка.

6. Разм. З цяжкасцю дайсці, дабрацца куды‑н. Зацягнуцца дадому. // Зайсці куды‑н. далёка. Зацягнуцца на край свету.

зацягну́ць 1, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, даставіць куды‑н. Перад світаннем Грысь зацягнуў у кусты лодку, прыкрыў яе зялёным веццем, папаратнікам. Кулакоўскі. [Андрэй і Аўрам] воз зацягнулі ў гумно і пайшлі ў хату. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Гіганцкую жывёліну зацягнула пад кіль і смяртэльна параніла вінтом. Матрунёнак.

2. перан. Разм. Сілаю, угаворамі прывесці куды‑н., прымусіць зайсці куды‑н. На першым услоне сядзелі дзве бабулькі. Іх сілай зацягнуў старшыня сельсавета Міхаіл Сцяпанавіч Карэба і знарок пасадзіў наперадзе, на «самае ганаровае месца». Гаўрылкін. Гэты юнак аднаго разу зацягнуў Максіма на патаемны сход, які адбываўся ў хатцы на самым беразе ракі. Мікуліч.

3. Уцягнуць у сярэдзіну, унутр чаго‑н. — Адрэж кавалак дратвы, навашчы і зацягні ў іголку. Якімовіч. [Натка] зацягнула новыя шнуркі ў чаравікі. Васілевіч. // Уцягнуць, засмактаць куды‑н. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

4. Удыхнуць, уцягнуць у сябе (дым, паветра і пад.). Зірнулі хлопцы на Антося І сліну ўсе яны глынулі, Паветра носам, зацягнулі. Колас. // Разм. Закурыць. А пасля зацягнуў [стары] сваю вялізную люльку і прыхіліўся па канапе адпачыць. Кавалёў.

5. Накрыць тонкім слоем чаго‑н. Уночы быў невялікі замаразак, ён зацягнуў лужынкі тонкім ільдом. Хомчанка. Цюкнула дурнота дрэва сякераю, але яно загоіць сваю рану,.. зацягне маладою карой. Ермаловіч. / у безас. ужыв. [Дрэвы] засынала зямлёй, зацягнула балотнаю тванню. Лынькоў. // Пакрыць чым‑н. нацягнутым. Жанчыны ў белых халатах страшэнна да ўсяго прыдзіраліся. Яны загадалі ў вокнах выняць форткі, а дзіркі зацягнуць марляй — для вентыляцыі. Нядзведскі. // безас. Загаіцца, зажывіцца (пра рану). // Завалачы (пра дым, туман і пад.). Усчаўся моцны вецер, неба зацягнулі хмары, і сыпануў дождж — золкі, халодны, і як у познюю восень. Савіцкі. / у безас. ужыв. Неба зацягнула нізкімі хмарамі, заходні вецер даносіў той няўлоўны своеасаблівы пах снегу, які адчуваецца ў адліжныя дні. Шамякін. Раку паступова зацягнула туманам. Місько.

6. Пацягнуць, расправіць (занавеску і пад.) так, каб закрыць, засланіць што‑н. [Алена] хуценька разабрала.. [бацькаву] пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі.

7. Туга завязаць, сцягнуць. Зацягнуць вузел. Зацягнуць пятлю. □ Калі скалане паветраная дарога, Над крэслам тужэй зацягні рамяні. Макаль.

8. Заняць чым‑н. часу больш, чым меркавалася; затрымаць заканчэнне чаго‑н. Зацягнуць сяўбу. □ Вітаючыся з Ірынай за руку, Салаўёў неяк міжвольна зацягнуў гэтае вітанне. Шахавец.

9. Шчыльна закруціць, зашрубаваць. Зацягнуць гайку.

•••

І на вяроўцы (на ланцугу, ланцугом, на аркане) не зацягнеш каго — пра таго, хто рашуча адмаўляецца ісці куды‑н., рабіць што‑н.

зацягну́ць 2, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.

Разм. Заспяваць. Студэнты, размясціўшыся ў сярэднім купэ, зацягнулі песню, а той, у футболцы, ужо іграў на мандаліне. Даніленка.

зацяжа́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Стаць цяжарнай.