запамята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Запомніць. Прагна ўзіраюся, каб запамятаць Валодзькаў твар. Карпюк.
запанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.
1. над чым. Устанавіць сваю ўладу, сваё панаванне. — А ўсё ж, брат, — папрасіў Кастусь, — растлумач ты мне ясней: чаму князі і каралі запанавалі над народам? Якімовіч.
2. Пачаць панскае, бяздзейнае жыццё. — Паны, якіх мы прагналі адсюль, а іх маёмасць і зямлю вам, сялянам, аддалі, ізноў хочуць прыйсці сюды, каб запакаваць у сваіх маёнтках. Нікановіч. // перан. Зажыць заможна і шчасліва. Блізка той дзянёк, калі Шчасна запануем, Станем самі мы людзьмі І край адбудуем. Купала.
3. Настаць, устанавіцца. Калі паднялося сонца, вялікая цішыня запанавала на зямлі. Чорны. Бацька ўкруціў кнот газоўкі, каб яна не вельмі свяціла, і ў хаце запанаваў нейкі казачны паўзмрок — святло газоўкі змяшалася з месячным. Сабаленка.
4. перан. Зрабіцца пануючым, вырашальным. У вершах запанавала задумлівая элегічнасць. «Маладосць».
запане́лы, ‑ая, ‑ае.
Неадабр. Які запанеў; распанелы.
запане́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Неадабр. Зрабіцца панам; распанець. Успомніўшы пра старшыню, Федзя ажывіўся: — Памятаеце, я вам расказваў пра яго? Хутка яму адстаўку дадзім. Запанеў наш Атрошка. Ракітны.
запанібра́та, прысл.
Разм. Як з роўным; проста, бесцырымонна. Колькі месяцаў .. [курсантам] упарта паўтаралі, што найбольшы дысцыплінарны грэх — быць з падначаленымі запанібрата. Шамякін. [Дзяўчыну] ужо бачылі і Міця і Плоткін — вясёлая, прыгожая, з хлопцамі запанібрата, носіць скураны лётны шлем. Навуменка.
запанібра́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Просты, бесцырымонны, фамільярны. Запанібрацкі тон.
запанібра́цтва, ‑а, м.
Разм. Бесцырымоннасць у абыходжанні; фамільярнасць.
запанікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.
Пачаць панікаваць.
за́панка і за́пінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Засцежка для манжэтаў і каўняра мужчынскай сарочкі. Недалужна-сіратліва матлялася ля каўняра адшпіленая запанка. Шынклер. З рукавоў пінжака высунуліся белыя шырокія манжэты з перламутравымі запінкамі. Баранавых.
запано́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запанаваць (у 1, 3 знач.).