замая́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Паказацца, абазначыцца ў далечыні. Глухі пескавы шлях нарэшце вывеў нас з гушчыні лясоў на шырокую паляну, дзе ў мяккай і ціхай цемры замаячылі хаты. Пестрак.
замгле́лы і заімгле́лы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты імглой; затуманены. У небе плыло заімглелае сонца. Самуйлёнак.
замглёны і заімглёны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад замгліць, заімгліць.
2. у знач. прым. Замглелы, затуманены. Замглёнае неба, што нізка асела над горадам, сеяла рэдкую снегавую пацяруху. Савіцкі.
замглі́цца і заімглі́цца, ‑ліцца; зак.
Пакрыцца імглою, смугою; затуманіцца. Неба заімглілася. / Пра вочы. Вочы замгліліся пялёнкаю болю, моцна сціснутыя вусны здаюцца бледна-жоўтым рубчыкам, знакам, што застаецца ад сечанай раны. Лужанін.
замглі́ць 1 і заімглі́ць 1, ‑ліць; зак.
Пакрыць імглою, смугою; затуманіць. Ці не цень дачаснай скрухі Замгліў смугою яснасць неба. Гаўрусёў.
замглі́ць 2 і заімглі́ць 2, ‑ліць; зак.
Пачаць імгліць.
замгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. Задрамаць, заснуць на адно імгненне. Лежачы дагары і ўзіраючыся ў чорную цемрадзь, .. [Ігнась] марыў, — смела і прыгожа, пакуль не замгнуў. Мурашка. — Мы, відаць, трохі былі замгнулі, — пазяхнуўшы, адказаў Ладуцька. Кулакоўскі.
2. што. Засынаючы, заплюшчыць, сплюшчыць (вочы, павекі). Здаецца ж, і не спаў зусім, толькі на хвіліначку замгнуў вочы, а прахапіўся — белая раніца. Сачанка.
заме́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца за мяжой; іншаземны, зарубежны. Замежныя дзяржавы.
2. Які адносіцца да іншай дзяржавы, краіны, належыць ім. Замежны капітал. Замежная мова. Замежная дэлегацыя. // Прывезены з-за мяжы; загранічны, імпартны. Замежны тавар.
3. Звязаны з паездкай за граніцу. Замежная камандзіроўка.
4. Які мае адносіны да вядзення знешняй палітыкі. Міністэрства замежных спраў.
заме́на, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. замяняць, заменьваць — замяніць. Замена старых дэталей новымі.
2. Той, хто (або тое, што) замяняе каго‑, што‑н. Знайсці сабе замену. □ — Стамілася. Гады, дачушка, не тыя ўжо. Замена мне патрэбна. «Звязда».
заме́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад замяніць.
заме́ннік, ‑а, м.
Матэрыял, выраб і пад., якія ўжываюцца замест другіх, больш каштоўных, дэфіцытных матэрыялаў, вырабаў. Заменнік скуры. Заменнік каляровых металаў.