пацялі́цца, ‑целяцца; зак.
Ацяліцца — пра ўсіх, многіх. Усе каровы пацяліліся.
пацямне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які пацямнеў, стаў цёмным. Моўчкі, нібы запамінаючы, .. [Алесь] сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме. Караткевіч. У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Колас. Яго крыху пацямнелыя за восень і зіму валасы рассыпаліся на два бакі і падалі на лоб. Шамякін.
пацямне́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. пацямнець.
пацямне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць цёмным, цямнейшым. Пацямнеў і неўзабаве сышоў снег. Васілеўская. Твар .. [камандзіра] асунуўся, пацямнеў, зарос за час блакады густой барадой. Шамякін. // Стаць змрочным, хмурным. Андрыян пацямнеў, як хмара, нічога не сказаў, толькі бліснуў позіркам спадылба і ўхапіўся за рычагі. Марціновіч.
2. безас. Пра наступленне змроку, цемнаты. Яшчэ доўга да вечара захмарыла ўсё, пацямнела навокал. Мележ.
•••
У вачах пацямнела — памутнела ў вачах ад стомы, болю, хвалявання і пад.
пацяпле́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. пацяплець.
пацяпле́ць, ‑ее; зак.
1. Стаць цёплым, цяплейшым. Як толькі пацяплела надвор’е і падсохла зямля, сабраў .. [Лабановіч] сваю маёмасць, а ўсё лішняе і не дужа патрэбнае пакінуў у брата, развітаўся з ім і рушыў у дарогу. Колас. Незнаёмы, хораша ўсміхаючыся, разглядаў братоў, як бы параўноўваючы іх, і вочы яго пацяплелі і не здаваліся такімі калючымі. Шамякін. / у безас. ужыв. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з’явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.
2. безас. Пра наступленне цяпла, цёплага надвор’я. Пацяплела. Вецер сціх. Чорны. З асаблівым нецярпеннем чакаў гэту вясну .. Сашка. Бацька яму паабяцаў: адразу як пацяплее, адвязе яго да дзеда ў вёску. Даніленка.
пацяро́б, ‑у, м.
Дзялянка выкарчаванага лесу. Лепей за ўсё прабірацца дарогай паўз лес, праз старыя пацяробы. Лынькоў. На пацяробе за ракою бразгае спутаны конь бляшаным званком. Нікановіч.
пацяро́бкі, ‑аў; адз. няма.
Адходы, якія застаюцца пасля цераблення чаго‑н.
пацярпе́ўшы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. зал. пр. ад пацярпець.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які панёс страты, пацярпеў.
3. у знач. наз. пацярпе́ўшы, ‑ага, м.; пацярпе́ўшая, ‑ай, ж. Той (тая), хто пацярпеў. Вечарам .. [Глобаў] загадаў паклікаць у кантору самога віноўніка і пацярпеўшага. Беразняк.
4. Дзеепрысл. зак. ад пацярпець.
пацярпе́ць, ‑цярплю, ‑цярпіш, ‑цярпіць; ‑цярпім, ‑церпіце; зак.
1. Цярпліва перанесці што‑н., вытрымаць (боль і пад.) некаторы час. — Доктар, зрабіце ўсё, каб я застаўся... жывы. — Паспрабую, толькі давядзецца пацярпець, наркозу ў нас няма. Васілеўская. Тайдо хацеў есці, але прыходзілася пацярпець. Маўр.
2. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: перажыць, перанесці, зведаць тое, што абазначана назоўнікам. Пацярпець паражэнне. Пацярпець аварыю. □ Перадавалі, што нямецкі атрад пацярпеў няўдачу, камандзір цяпер месца не знаходзіць ад злосці, і невядома, чым усё гэта скончыцца. Лынькоў.
3. Панесці, мець страты; атрымаць цялесныя пашкоджанні. Сям-там былі выбіты кулямі вокны, але з людзей ніхто не пацярпеў. Якімовіч. Зона эмтээс .. вельмі пацярпела ад акупацыі. Хадкевіч. // Быць пакараным за што‑н. [Лабановічу] часамі арышт здаваўся прынадным, не пазбаўленым своеасаблівай прыемнасці. Чаму ж і не пацярпець за праўду? Чаму не спрабаваць лёсу «крамольніка»? Колас.
4. каго-што і чаго (звычайна з адмоўем). Дапусціць, змірыцца з кім‑, чым‑н. Не пацярпець несправядлівасць.